Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дарадца вугорскага прэм’ера сышла ў адстаўку празь ягоную прамову аб «чысьціні нацыі» і «заняпадзе Эўропы»


Жужа Хегедуш
Жужа Хегедуш

Старшая дарадца кіраўніка вугорскага ўраду Жужа Хегедуш сышла ў адстаўку, назваўшы «адкрыта расісцкім» выступ прэм’ер-міністра Віктара Орбана ў Румыніі аб «чысьціні нацыі» і «заняпадзе Эўропы».

Жужа Хегедуш, сацыёляг і даўняя сяброўка Орбана, заявіла ў лісьце, што больш ня можа цярпець, каб яе зьвязвалі з чалавекам, які заняў «такую ганебную пазыцыю».

«Пасьля такой прамовы, якая супярэчыла ўсім маім базавым каштоўнасьцям, у мяне не было іншага выбару, акрамя як сысьці ў адстаўку», — напісала яна ў лісьце, апублікаваным у вугорскім выданьні hvg.hu.

«Я ня ведаю, як вы не заўважылі, што прамова, зь якой вы выступілі, зьяўляецца чыста нацысцкай абразай, вартай Ёзэфа Гэбэльса», — напісала Жужа Хегедуш. Ёзэф Гебэльс кіраваў міністэрствам прапаганды Адольфа Гітлера ў нацысцкай Нямеччыне.

Жужа Хегедуш працавала разам з Орбанам з 2002 году. У траўні яна пачала працаваць у якасьці прадстаўніка прэм’ер-міністра, якому даручана «кансультаваць па пытаньнях, зьвязаных з распрацоўкай бягучых і будучых стратэгіяў сацыяльнай інтэграцыі, кіраваньня і вырашэньня сацыяльных канфліктаў».

Віктар Орбан зьняпраўдзіў абвінавачаньні Жужы Хегедуш у расізьме ў публічным лісьце, апублікаваным вугорскімі СМІ.

«Вы ня можаце сур’ёзна абвінавачваць мяне ў расізьме пасьля 20 гадоў нашай супольнай працы. Вы цудоўна ведаеце, што мой урад праводзіць палітыку нулявой талерантнасьці да антысэмітызму і расізму ў Вугоршчыне. Мы ведаем адзін аднаго вельмі даўно. І вы ведаеце, што, згодна з маім разуменьнем, Бог стварыў усіх людзей на свой вобраз і падабенства. Таму ў выпадку такіх перакананьняў, як у мяне, расізм у прынцыпе немагчымы», — напісаў Віктар Орбан.

Свой выступ у Летнім унівэрсытэце Бэйле Туснад, што ў рэгіёне Трансыльванія ў Румыніі (там пражывае вялікая вугорская дыяспара. — РС), Віктар Орбан пачаў з аналізу сытуацыі вакол расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Але гэта хутка перарасло ў палеміку, якую Міжнародны камітэт Асьвенціму назваў «небясьпечнай».

«Мы пераяжджаем, мы працуем у іншым месцы, мы зьмешваемся ў Эўропе, — сказаў Віктар Орбан 23 ліпеня. — Але мы ня хочам быць народам мяшанай расы».

Віктар Орбан таксама заклікаў Эўразьвяз да новай стратэгіі ў вайне Расеі супраць Украіны. Ён заявіў, што санкцыі праваліліся, а Ўкраіна ніколі не пераможа. Апроч таго, ён намякнуў, што нападу Расеі на Ўкраіну можна было пазьбегнуць і ў гэтым ёсьць віна заходніх партнэраў, якія не пайшлі на выкананьне патрабаваньняў Уладзіміра Пуціна насуперак інтарэсам Украіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG