Офіс Сьвятланы Ціханоўскай паведаміў, што афіцыйныя прадстаўніцы беларускай нацыянальнай меншасьці Крысьціна Шыянок і Алена Ціхановіч разам з Задзіночаньнем беларускага студэнцтва Чэхіі цяпер сустракаюцца з кіраўніцтвам чэскіх унівэрсытэтаў, дзе ёсьць «крытычныя спэцыяльнасьці», на якіх у Чэхіі праз вайну ва Ўкраіне забаранілі вучыцца беларусам.
Сустрэчы ўжо адбыліся з рэктарамі найбуйнейшага ў Чэхіі тэхнічнага ўнівэрсытэту ў Празе (ČVUT) і найбуйнейшага чэскага хімічнага ўнівэрсытэту — Вышэйшай хімічна-тэхналягічнай школы ў Празе (VŠCHT).
Яны дамовіліся, што ўнівэрсытэты будуць прымаць гарантыйныя лісты, падпісаныя прадстаўнікамі нацыянальнай меншасьці. Для атрыманьня такога ліста студэнты праходзяць вэрыфікацыю — што яны не зьяўляюцца супрацоўнікамі сілавых структураў і не зьбіраюцца працаваць на карысьць рэжымаў Лукашэнкі ці Пуціна.
Навучаньне беларусаў і беларусак у найстарэйшым тэхнічным унівэрсытэце Эўропы мае даўнія традыцыі. У 1920–1930 гадах у Чэскім тэхнічным унівэрсытэце вучыліся ад 150 да 200 беларускіх студэнтаў. З таго часу ЧТУ заўсёды быў адкрыты для беларусаў, а пасьля пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе ён адным з першых пачаў дапамагаць перасьледаваным беларускім студэнтам і зьбіраецца рабіць гэта і далей.