Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць краінаў Эўразьвязу заклікалі стварыць у Брусэлі эўрапейскі мэмарыял ахвярам таталітарызму


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Тры кіраўнікі ўраду і два прэзыдэнты зь пяці краінаў – сяброў Эўразьвязу заклікалі падтрымаць, на фоне вайны Расеі з Украінай, памяць пра злачынствы двух таталітарных рэжымаў ХХ стагодзьдзя ў Эўропе — нацызму і камунізму.

У адкрытым лісьце, які падпісалі прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа, прэзыдэнт Румыніі Кляўс Яганіс, прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі, прэм’ер-міністар Латвіі Крыш’яніс Карыньш і прэм’ер-міністар Эстоніі Кая Калас, гаворыцца:

«Перадгісторыя і карані ідэалёгіі цяперашняга крамлёўскага рэжыму ў многіх выпадках зьяўляюцца адлюстраваньнем папярэднікаў цяперашняй Расеі: СССР і Расейскай імпэрыі. Расея ніколі не асудзіла злачынствы Саветаў, а яе цяперашняе кіраўніцтва адкрыта дазваляе захоўваць савецкую спадчыну і нават з энтузіязмам падтрымлівае яе. Неабходна ўзмацніць намаганьні на ўзроўні ЭЗ у барацьбе са спробамі Расеі перапісаць гісторыю і выкарыстоўваць наратывы таталітарных рэжымаў у кантэксьце вайны супраць Украіны. Без дакладнай, сумленнай і ўсебаковай ацэнкі мінулага мы ня зможам эфэктыўна прадухіляць будучыя злачынствы на нашым кантынэнце або расьсьледаваць цяперашнія ва Ўкраіне».

«Дэмакратычны сьвет рашуча асудзіў нацысцкі рэжым і прыцягнуў да адказнасьці яго лідэраў і злачынцаў, — сьцьвярджаюць падпісанты. — Горкія ўрокі нацызму і злачынствы рэжыму сталі абавязковай часткай выкладаньня гісторыі ў нашых адукацыйных сыстэмах. Адначасова памяць і веды пра савецкія злачынствы яшчэ не знайшлі належнага месца ў сьвядомасьці эўрапейцаў».

У сувязі з вышэй сказаным, палітыкі зь пяці краінаў прапануюць стварыць у Брусэлі Агульнаэўрапейскі мэмарыял ахвярам таталітарызму, каб супрацьставіцца «беспрэцэдэнтнаму ўзроўню расейскай дэзынфармацыі і хлусьні, у тым ліку ў пытаньнях эўрапейскай гісторыі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG