Асаблівую ўвагу выведнікі просяць зьвяртаць на супрацоўнікаў кампаніі «Росатом», якія цяпер знаходзяцца на захопленай Запароскай АЭС, і паведамляць іхныя пасады, прозьвішчы, нумары машын, якімі яны карыстаюцца, а таксама маршруты іхнага перамяшчэньня.
Чаму выведка актывізавала свае дзеяньні ў Энэргадары
Экспэрты сьцьвярджаюць, што ў выпадку, калі Запароская АЭС застанецца пад акупацыяй Расеі, Украіне давядзецца купляць электраэнэргію за мяжой.
«Гэта найбольшая ў Эўропе атамная станцыя, яна мае шэсьць атамных рэактараў агульнай магутнасьцю ў 6 гігават. Гэта вельмі шмат — каля 30% рэальнай ліквіднай магутнасьці ўкраінскай энэргетычнай сыстэмы. Ня варта забывацца, што ў нас яшчэ пад акупацыяй ці пашкоджаныя, ці ў зоне баявых дзеяньняў знаходзіцца шэраг цеплавых станцый. Гэта Запароская, Курахаўская, Вуглягорская, Луганская, Славянская ЦЭС. Таму сапраўды сытуацыя дастаткова складаная ня толькі з палівам, але і з магутнасьцямі», — сказаў дырэктар энэргетычных праграм Цэнтру Разумкова Ўладзімір Амельчанка ў інтэрвію праекту ўкраінскай службы Радыё Свабода «Новини Приазов’я».
Паводле яго, Расея хоча зруйнаваць энэргетычную інфраструктуру, каб стварыць ва Ўкраіне праблемы ў час асеньне-зімняга пэрыяду, і тады навязаць свае перамоўныя пазыцыі.
Уладзімір Амельчанка дадаў, што Расея ўжо спрабуе падладзіць тэхналягічныя працэсы на Запароскай АЭС пад свае патрэбы:
«Будуюцца новыя электрасеткі, празь якія Расея плянуе забясьпечваць, у прыватнасьці, Крым і частку акупаванай тэрыторыі. Гэтыя пляны, безумоўна, ідуць насуперак украінскім інтарэсам, таму Ўкраіна мусіць зрабіць усё магчымае і немагчымае, каб вызваліць Энэргадар у найбліжэйшыя месяцы. Гэта было б істотным крокам для гарантаваньня энэргетычнай бясьпекі ў гэты асеньне-зімні пэрыяд», — падкрэсьліў экспэрт.
У той жа час апэратар Запароскай АЭС украінская кампанія «Енергоатом» паведамляе, што цяпер станцыя працуе ў энэргетычнай сыстэме Ўкраіны.
Расейскія войскі захапілі Запароскую АЭС 4 сакавіка. Пад акупацыяй знаходзіцца і горад-спадарожнік станцыі Энэргадар. У кампаніі «Енергоатом», якая кантралюе ўсе дзейныя атамныя станцыі Ўкраіны, неаднаразова заяўлялі, што Расея ператварае Запароскую АЭС у вайсковую базу і выкарыстоўвае яе як шчыт.
Да вайны Ўкраіна купляла электраэнэргію ў Беларусі
Апошнія некалькі гадоў Украіна вымушана была зімой набываць электраэнэргію за мяжой, каб збалянсаваць энэргетычны рынак у сувязі зь недахопам антрацытавага вугалю, на якім працуюць цеплаэлектрастанцыі. Дэфіцыт гэтага паліва зьявіўся ў 2014 годзе, пасьля пачатку баявых дзеяньняў на ўсходзе Ўкраіны, дзе знаходзіцца большая частка шахтаў, на якіх здабываюць антрацытавы вугаль.
Беларусь пастаўляла ва Ўкраіну электраэнэргію да сакавіка 2021 году ўключна. У траўні Нацыянальная камісія, якая ажыцьцяўляе дзяржаўнае рэгуляваньне ў сфэры энэргетыкі Ўкраіны, забараніла да 1 лістапада 2021 году пастаўкі на ўкраінскі рынак электрычнай энэргіі зь Беларусі і Расеі.
Беларусь аднавіла продаж Украіне электраэнэргіі на камэрцыйнай аснове 6 лістапада 2021 году. Пастаўкі ажыцьцяўляліся да канца году.
23 лютага энэргасыстэма Ўкраіны была ізаляваная ад беларускай і расейскай сыстэм для тэставых выпрабаваньняў у сувязі з інтэграцыяй у эўрапейскую энэргасыстэму. Назад яе меліся падлучыць 27 лютага. Аднак з прычыны нападу расейскіх войскаў 24 лютага Міністэрства энэргетыкі Ўкраіны прыняло рашэньне не вяртаць энэргасыстэму ў паралельную работу з Расеяй і Беларусьсю, чыя тэрыторыя выкарыстоўваецца для нанясеньня ўдараў з паветра і праходу сухапутных войскаў. 16 сакавіка энэргасыстэма Ўкраіны афіцыйна стала часткай ENTSO-E.
Варта адзначыць, што Ўкраіна была адзіным пакупніком беларускай электраэнэргіі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.