Паводле САЗ, ад траўня было зарэгістравана ўжо больш за 16 тысяч выпадкаў гэтага захворваньня ў прыкладна 70 краінах.
Размова ідзе аб інфэкцыйным захворваньні, на якое хварэюць як жывёлы, так і людзі. Гэта віруснае захворваньне, якое нагадвае сымптомамі натуральную воспу, аднак праходзіць, як правіла, лягчэй. Пацыенты адчуваюць болі ў цягліцах, маюць высокую тэмпэратуру, характэрную высыпку і сьверб. Спэцыфічных лекаў ад яго не існуе, праходзіць воспа малпаў звычайна сама на працягу 2-4 тыдняў, аднак зафіксаваныя і сьмяротныя выпадкі.
Паводле Гебрэесуса, члены камітэту САЗ не змаглі прыйсьці да згоды аб тым, ці варта абвяшчаць цяперашнюю ўспышку надзвычайнай сытуацыяй у міжнародным маштабе – рашэньне прыняў ён асабіста як кіраўнік арганізацыі. Пры гэтым ён падкрэсьліў, што рызыкі заражэньня нераўнамерныя – яны вышэйшыя ў Эўропе, чым у іншых частках сьвету.
Само па сабе абвяшчэньне САЗ надзвычайнай сытуацыі не азначае, што ўрады будуць уводзіць тыя ці іншыя меры, аднак яно можа падштурхнуць, напрыклад, да пашырэньня фінансаваньня вакцынацыі і вытворчасьці вакцын.
Упершыню воспу малпаў выявілі ў 1958 годзе. Большасьць выпадкаў заражэньня да сёлетняга траўня фіксавалася ў Афрыцы, аднак у траўні захворваньне пачало хутка распаўсюджвацца ў Эўропе. Пераважная большасьць хворых – мужчыны ад 18 да 50 гадоў, якія ўступалі ў сэксуальныя кантакты зь іншымі мужчынамі.
Ад заражэньня воспай малпаў засьцерагае вакцына ад натуральнай воспы, якую атрымлівалі ў маленстве ўсе, хто нарадзіліся да канца 1970-х гадоў, калі было афіцыйна абвешчана аб поўным зьнішчэньні натуральнай воспы на плянэце. Існуе таксама вакцына непасрэдна супраць воспы малпаў, якая прымяняецца для груп рызыкі.
- Раней такія рашэньні пра абвяшчэньне надзвычайнай сытуацыі прымаліся некалькі разоў – у прыватнасьці, праз ковід, хваробу, выкліканую вірусам Эбола, і хваробу, выкліканую вірусам Зіка.
- У сьвеце таксама працягваецца пандэмія COVID-19, прычым у апошнія тыдні колькасьць выпадкаў заражэньня зноў расьце. Колькасьць сьмерцяў застаецца на ніжэйшым узроўні ў параўнаньні з першым пэрыядам пандэміі.