Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён першы пачаў рабіць дрэвам уколы». Як вязень Сьцяпан Латыпаў прывёз у Беларусь цэлую прафэсію


Сьцяпан Латыпаў
Сьцяпан Латыпаў

Сьцяпана Латыпава называюць «бацькам беларускай арбарыстыкі». Ён фактычна стварыў прафэсійную супольнасьць у Беларусі і ўвёў сам тэрмін. У разгар сэзону за свае грошы ён ладзіў зьлёты і навучаньне.

Калегі зьняволенага на 8 гадоў жыхара «плошчы Перамен» расказваюць, як безь яго магло ня быць цэлай прафэсійнай галіны ў Беларусі.

Арбарыст — гэта тры спэцыялісты ў адным

Калі Сьцяпана пасадзілі, многія даведаліся, хто такі арбарыст — «лекар дрэваў». Назва прафэсіі паходзіць ад лацінскага arbor — ‘дрэва’. Аднак Латыпаў ня проста прафэсіянал, а піянэр у сваёй галіне ў Беларусі.

Некаторыя называюць яго «бацькам беларускай арбарыстыкі», іншыя — і «бацькам арбарыстыкі краін СНД». Калегі сьцьвярджаюць, што да Сьцяпана гэтага кірунку ў Беларусі (і ня толькі ў Беларусі) не было.

«Гэта прызнаюць усе, гэта не прадмет дыскусіі», — перакананы Дзяніс Грэцаў, арбарыст з расейскага Курску.

Такой прафэсіі дагэтуль у Беларусі афіцыйна не існуе. Няма ні ўнівэрсытэтаў, ні хаця б курсаў, дзе рыхтуюць арбарыстаў. Тым ня менш арбарысты ў Беларусі ёсьць.

Арбарыст — гэта тры спэцыялісты ў адным:

1) прамысловы альпініст, які ўмее працаваць на вышыні на вяроўках^; 2) вальшчык лесу, які адначасна і электраманцёр^; 3) біёляг, які знаецца на расьлінах і іхніх хваробах.

У Беларусі тром гэтым кірункам можна вучыцца толькі паасобку.

І ўсё ж у 2009 годзе ў Менску зьявілася першая арбарыстычная фірма «Беларбо». Яе заснаваў Сьцяпан Латыпаў.

«Сьцяпан першым у Беларусі пачаў рабіць дрэвам уколы»

Раней падыход да дрэваў у Беларусі быў просты: калі нешта з дрэвам ня так — трэба сьпілаваць. Так было ў 90% выпадкаў. Цяпер толькі палова замоваў патрабуе, каб сьпілаваць дрэва, тлумачыць Сьцяпанаў калега Іван* (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы).

«Таньней сьпілаваць дрэва, чым яго лячыць», — дадае арбарыст зь Беларусі Андрэй Мельнікаў, які ўжо некалькі год жыве і працуе ў Нямеччыне.

Андрэй Мельнікаў
Андрэй Мельнікаў

Абразалі галіны раней прамысловыя альпіністы, якія не валодалі батанічнымі ведамі, і абрэзку рабілі так, як ім падавалася гэта слушным, кажуць арбарысты. Плюс тады працавалі толькі на той вышыні, якую дазваляла вышка. Сьцяпан пачаў узлазіць на дрэвы на вяроўках — і сваім прыкладам вымусіў іншых гэтаму вучыцца.

«Мы пасунулі „вышкароў“», — падсумоўвае Іван, кажучы пра канкурэнцыю ў галіне.

Падчас навучаньня
Падчас навучаньня

«А вы ведалі, што дрэвам робяць уколы? — загадкава пытаецца ён. — Сьцяпан першым у Беларусі пачаў гэта рабіць. І я ня ведаю, хто яшчэ гэтым займаецца. Апрача яго, гэта ўмеюць хіба што акадэмікі. За гэта яго і назвалі „хірургам дрэваў“».

Укол — гэта кропкавае ўзьдзеяньне на дрэва, якое нішчыць шкодных насякомых і дапамагае расьліне ачуняць. Звычайна ў Беларусі распыльваюць хімікаты з гелікоптэра. Аднак гэта мае мінусы: тады гінуць і карысныя насякомыя. Да таго ж у паселішчах такая практыка забаронена. Гэта толькі адзін з прыкладаў, як Сьцяпан падыходзіў да справы.

Вучыўся ў дзьвюх вучэльнях, але ня скончыў ніводнай

Дзе ж атрымаў адукацыю Латыпаў? Ён вучыўся ў дзьвюх беларускіх вучэльнях — Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі і лясным інстытуце, цяпер гэта Тэхналягічны ўнівэрсытэт, — але ня скончыў ніводнай.

Студэнтам ён паехаў па абмене ў Вялікую Брытанію, дзе ня толькі вучыўся, але і працаваў у сельскай гаспадарцы і пераймаў арбарыстычны досьвед. Там жа скончыў першую ступень прамысловага альпініста, атрымаў міжнародны сэртыфікат. Працаваў у арбарыстычнай фірме ў Лісабоне. Пераймаў таксама досьвед у Гішпаніі, Францыі, Ізраілі, Украіне, Расеі. Чытаў шмат спэцыялізаванай літаратуры па-ангельску.

«Нават у турыстычных паездках Сьцяпан не праходзіў міма дрэваў», — кажа Іван, які ведае Латыпава 10 гадоў.

Сьцяпан вырас у сям’і біёлягаў.

«Ён акадэмічна падыходзіў да пытаньняў», — кажа Андрэй Мельнікаў.

Андрэй Мельнікаў
Андрэй Мельнікаў

Гэты падыход у яго ад дзеда — Анварбека Закіравіча Латыпава, які быў прарэктарам горацкай акадэміі. Дзед памёр у 2010 годзе.

«Сьцяпан у разгар сэзону спыняў камэрцыйную працу і займаўся арганізацыяй зьлёту»

«Я ўбачыў, што нейкі мужык зь Беларусі запрашае на нейкі зьлёт», — успамінае пра знаёмства з Латыпавым Дзяніс Грэцаў.

Сьцяпан Латыпаў на вясельлі Дзяніса Грэцава
Сьцяпан Латыпаў на вясельлі Дзяніса Грэцава

Гэта адбылося ў 2015 годзе, арганізатарам зьлёту быў Латыпаў.

Сьцяпан стварыў старонку таварыства арбарыстаў «УКантакце». Цяпер на яе падпісаныя больш за 2 тысячы чалавек. Так ён пачаў аб’ядноўваць спэцыялістаў па дрэвах зь Беларусі, Расеі, Украіны, Малдовы.

Штогод Латыпаў ладзіў прафэсійныя зьлёты для арбарыстаў з гэтых краін у супрацоўніцтве зь сельсаветамі. Запрашаў выступіць экспэртаў у прамысловым альпінізьме, лекаваньні дрэваў, вытворцаў бэнзаінструмэнтаў.

Была на такіх зьлётах і практычная частка, калі спэцыялісты маглі ачышчаць бліжэйшы парк.

Падчас зьлёту
Падчас зьлёту

Зьбіраліся па 40–70 чалавек, у тым ліку з Далёкага Ўсходу і Крыму. Была культурная праграма, экскурсіі. Сьцяпан закупляў на ўсіх сыдар зь Верцялішак, успамінае Андрэй.

У арганізацыю Латыпаў укладаў значную частку сваіх грошай.

«Мяне ўразіла, што Сьцяпан у разгар сэзону спыняў камэрцыйную працу і займаўся арганізацыяй зьлёту. Бясплатна расказваў працоўныя сакрэты. Я быў гэтым ашаломлены: ён ня толькі не зарабляў, але і губляў», — кажа Дзяніс Грэцаў.

Ён пагаджаецца, што былі ў арбарыстыцы і іншыя актывісты, аднак «маштаб іх думак і ўчынкаў у разы меншы, чым у Латыпава». Цяпер у Расеі выхаванцы Сьцяпана ладзяць ужо свае курсы.

«Гэтыя зьлёты былі прарывам для Расеі. Толькі я ведаю чалавек 10 з Расеі, якія кансультаваліся з Латыпавым», — дадае Дзяніс.

Сьцяпан Латыпаў на вясельлі Дзяніса Грэцава
Сьцяпан Латыпаў на вясельлі Дзяніса Грэцава

«Любая камунікацыя са Сьцяпанам — гэта заўжды level-up»

На старонцы «ЎКантакце» Сьцяпан публікаваў карысны кантэнт. Вёў таксама спэцыялізаваны канал на Youtube, запісваў ролікі.

Ён хацеў зарэгістраваць таварыства арбарыстаў, надаць яму моц, каб уплываць на заканадаўчыя рашэньні ў арбарыстыцы, аднак большасьць яго не падтрымала.

Калегі заўважаюць, што ўсе сёньняшнія беларускія арбарысты прайшлі праз Латыпава, бо яго ў гэтай галіне «нельга абмінуць». Ён задаваў стандарты, абнаўляў правілы ў тэхніцы бясьпекі, «быў паравозам гэтага руху». Запрашаў навічкоў бясплатна стажавацца ў яго, кансультавацца. Пры гэтым самыя складаныя дрэвы ён браў на сябе.

«Ён ніколі не хаваў веды, заўсёды дзяліўся. Любая камунікацыя са Сьцяпанам — гэта заўжды level-up», — упэўнены Андрэй.

Сьцяпан чуйна разумеў, куды рухаецца рынак. Калі арбарыстаў былі адзінкі, ён прадбачыў, што неўзабаве зьявіцца вялікая канкурэнцыя. Казаў, што тады іхныя паслугі будуць запатрабаваныя ў змаганьні з баршчавіком. Так і сталася, расказвае Дзяніс.

«Беларбо» ўваходзіла ў тройку лідэраў барацьбітоў з баршчавіком у Беларусі. Яна выйгравала многія дзяржаўныя тэндэры. Латыпаў меў сваю тэхналёгію змаганьня са шкоднікам.

«Ён быў і дырэктарам, і рабацягам, і разумова працаваў, перакладаў тэксты, і рызыкаваў сабой на вышыні», — падсумоўвае Іван.

Загледзеўся на вожыка і зашчаміў мезенец

Арбарыстыку ў сьвеце адносяць да самых небясьпечных прафэсій, нароўні з шахтарамі і вайскоўцамі. Гэта праца, бывае, на 30–40 мэтрах вышыні. Сьцяпан працаваў хутка, эфэктыўна і бясстрашна. Андрэй узгадвае выпадак, калі Сьцяпан працаваў на дрэве, а другое побач упала, але ён працягнуў сваю працу.

Іван расказаў, як Латыпаў з вышыні ўбачыў унізе вожыка, загледзеўся на яго і зашчаміў сабе мезенец у расколіне дрэва. Сьцяпан вядомы сваім захапленьнем вожыкамі, дома ў яго раней жыла вожычыха.

«У яго было цэлае дасье ў шпіталі хуткай дапамогі. Таму ён гаварыў пра тэхніку бясьпекі менавіта на сваім досьведзе, ён праз усё гэта прайшоў», — успамінае Іван пра мноства траўмаў Латыпава.

* * *

Сьцяпана Латыпава затрымалі 15 верасьня 2020 году каля муралу «дыджэяў перамен» за тое, што ён прасіў незнаёмцаў, якія хацелі зьнішчыць малюнак, прадставіцца. Пры затрыманьні яго зьбілі. У СІЗА яго падоўгу катавалі ў «прэс-хаце». На судзе ён спрабаваў зьдзейсьніць суіцыд, уваткнуўшы востры прадмет у горла.

Сьцяпану далі 8,5 года калёніі. Тэрмін ён адбывае ў «Воўчых норах» на Берасьцейшчыне. Побач з калёніяй ёсьць лес. Вязень працягвае маляваць вожыкаў і ствараць казкі пра іх.

Пасьля жніўня 2020 году фірма Латыпава «Беларбо» перастала працаваць, яе вымусілі закрыцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG