Як паведаміла Служба бясьпекі Ўкраіны, сьледзтва сабрала доказы гэтага злачынства і паведаміла аб падазрэньні ў яго зьдзяйсьненьні колішняму намесьніку камандуючага Сыбірскай акругі Нацыянальнай гвардыі РФ (Расгвардыі) Алегу Якушаву і намесьніку камандзіра зводнага атраду асаблівага прызначэньня Расгвардыі па Бранскай вобласьці Андрэю Фралянкову, якія аддавалі загад аб захопе Чарнобыльскай АЭС і кіравалі дзеяньнямі сваіх падначаленых у часе акупацыі аб’екта з 24 лютага да 31 сакавіка.
У паведамленьні адзначаецца, што тэрыторыя зоны адчужэньня вакол Чарнобыльскай АЭС дагэтуль неразьмінаваная, што парушае цэласнасьць сыстэмы радыяцыйнай бясьпекі аб’екта.
«Дагэтуль застаецца надта высокая імавернасьць некантраляваных выбухаў і выкліканых імі пажараў», — паведаміла Служба бясьпекі Ўкраіны.
Паводле СБУ, цягам акупацыі на тэрыторыі зоны адчужэньня знаходзілася вялікая колькасьць цяжкай вайсковай тэхнікі і больш за 1 тысячу расейскіх вайскоўцаў.
На тэрыторыі сховішча, дзе праводзяцца працы з адпрацаванымі матэрыяламі рэактараў з плютоніем-239, расейцы зрабілі 5 агнявых пазыцый, а тэрыторыю зоны адчужэньня замінавалі. Сьледзтва выявіла больш як 100 мінаваньняў і тры падрывы мін.
На пачатку сакавіка расейцы пашкодзілі вежы сувязі, у выніку чаго выйшла з ладу сыстэма маніторынгу радыяцыйнай сытуацыі. Пазьней прадпрыемства цалкам абясточылі, чым паралізавалі працу ўсіх сыстэм кантролю і бясьпекі.
У Службе бясьпекі Ўкраіны паведамілі, што працягваюць вызначаць асоб, датычных да акту ядзернага тэрарызму, якім яны лічаць захоп Чарнобыльскай АЭС.
Запароская АЭС застаецца пад кантролем расейцаў
Паводле ўкраінскіх уладаў, расейскія войскі ў сакавіку падарвалі частку боепрыпасаў на пляцоўцы Запароскай АЭС каля навучальна-трэнавальнага цэнтру.
Цяпер менавіта ў гэтым цэнтры расейцы стварылі для сябе ўкрыцьцё.
У той жа час адзначаецца, што станцыя працуе з выкананьнем нормаў ядзернай, радыяцыйнай і экалягічнай бясьпекі, а ўсе энэргаблёкі абслугоўвае ўкраінскі пэрсанал. Сама станцыя працуе ў складзе энэргасыстэмы Ўкраіны.
Міжнароднае агенцтва атамнай энэргіі выказвала заклапочанасьць з прычыны адсутнасьці доступу да Запароскай АЭС.
«Мы зараз спрабуем вярнуцца на Запароскую АЭС, якая зьяўляецца найбуйнейшай атамнай электрастанцыяй у Эўропе. Шэсьць ядзерных рэактараў, 30 тысяч кг плютонію, 40 тысяч кг узбагачанага ўрану. У маіх інспэктараў няма доступу да гэтага», — заявіў гендырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі на Сусьветным эканамічным форуме ў Давосе.
Гросі падкрэсьліў, што гэта беспрэцэдэнтная сытуацыя, асаблівасьць якой палягае ў тым, што АЭС кантралюецца расейскімі войскамі, але апэруе ёю ўкраінскі «Енергоатом».
Ён назваў такую сытуацыю нестабільнай. Гросі заявіў, што МАГАТЭ разьлічвае дамагчыся таго, каб інспэктары трапілі на станцыю, «каб прадухіліць праблему або выявіць якое-небудзь зьнікненьне некалькіх кіляграмаў матэрыялу клясы ядзернай зброі».
Аднак украінскія ўлады пакуль не ўзгаднілі прыезд місіі МАГАТЭ на Запароскую АЭС. Станцыя знаходзіцца ў акупаваным расейскай арміяй горадзе Энэргадар.