Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Моцна абязводжаны, перасохлі вусны і язык». Аўтуховіч дзявяты дзень на «сухой» галадоўцы ў СІЗА


Мікалай Аўтуховіч, архіўнае фота
Мікалай Аўтуховіч, архіўнае фота

Мікалай Аўтуховіч абвясьціў «сухую» галадоўку падчас судовага паседжаньня 11 ліпеня на знак пратэсту супраць блякаваньня карэспандэнцыі. 15 ліпеня стала вядома, што Мікалая зьмясьцілі ў карцар.

Сёньня 9-ы дзень, як Мікалай Аўтуховіч ня есьць і ня п'е. Праваабаронцы паведамляюць, што стан вязьня значна пагоршыўся.

«Ён ужо моцна абязводжаны, перасохлі вусны і язык. У такой сытуацыі яго зь пятніцы зьмясьцілі ў карцар зь нейкай фармальнай прычыны (як і Вольгу Маёраву), доктар да яго прыходзіў таксама ў пятніцу, але ніякіх аналізаў не рабілі. Скардзіцца на здароўе гэты ўпарты моцны чалавек катэгарычна адмаўляецца», — адзначаецца ў паведамленьні «Вясны».

Адзінае патрабаваньне, якое падсудны выставіў, каб спыніць галадоўку, — зьняць абмежаваньні на ліставаньне. Адзіная рэакцыя адміністрацыі СІЗА — лісты перасталі даходзіць нават да маці.

«Мае сэнс адпраўляць яму ваду бяз газу, сокі, дзіцячыя фруктовыя пюрэ (у дой-паках), мёд (у плястыкавых упакоўках), каб у яго было ўсё неабходнае, каб у любы момант пачаць выхад з галадоўкі», — тлумачаць праваабаронцы.

Раней трымаў галадоўку 61-гадовы фігурант «справы Аўтуховіча» Ўладзімер Гундар. Ён галадаў з 30 чэрвеня, пратэстуючы супраць таго, што суд не рэагуе на яго патрабаваньні, а таксама як адказ на прымусовае разьдзяваньне перад працэсам. За гэта ён правёў 10 дзён у карцары. Пазьней вязень вырашыў спыніць галадоўку, бо «зьявіліся некаторыя вынікі», паведамілі праваабаронцы «Вясны». Таксама вядома, што Гундара — інваліда ІІ групы — прасіў спыніць галадоўку і Мікалай Аўтуховіч.

Хто праходзіць у «справе Аўтуховіча»?

Мікалай Аўтуховіч (59 гадоў). У мінулым гэта афіцэр, які прайшоў вайну ў Афганістане. У незалежнай Беларусі быў уласьнікам службы таксі ў Ваўкавыску. У яго нярэдка ўзьнікалі праблемы зь мясцовым начальствам. У 2004 годзе Аўтуховіч спрабаваў трапіць у парлямэнт, незалежныя сацыёлягі нават засьведчылі яго перамогу ў першым туры. Аўтуховіч прайшоў праз два турэмныя тэрміны, абодва разы яго прызнавалі палітвязьнем. У зьняволеньні ён трымаў працяглыя галадоўкі, уцякаў ад міліцыі з-пад хатняга арышту.

Аўтуховіча судзілі ў 2010-м за падрыхтоўку тэракту — нібыта ён рыхтаваў замах на старшыню Горадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанку і намесьніка міністра падаткаў і збораў Васіля Камянко. Аднак асудзілі яго за пяць знойдзеных пры ператрусе патронаў. Тады Мікалай атрымаў 5,5 года (вызвалены ў 2014-м).

Таксама ў справе праходзіць сям’я праваслаўнага сьвятара зь Берасьця Сяргея Разановіча. Ён быў настаяцелем царквы ў вёсцы Сьцяпанкі Жабінкаўскага раёну. Разам са сьвятаром на лаве падсудных ягоныя жонка Любоў і сын Павал. Любоў Разановіч раней валодала службай таксі ў Берасьці, з таго часу і знае Аўтуховіча. У 2006 годзе трымала галадоўку. Павал працаваў у аддзеле прымусовага выкананьня Маскоўскага раёну Берасьця. Менавіта ў іх дома і затрымалі Аўтуховіча.

Уладзімер Гундар — 60-гадовы краязнаўца з Баранавіч. Інвалід, ня мае нагі. Ужо асуджаны на тры гады зьняволеньня за «гвалт у дачыненьні да службовай асобы».

Вольга Маёрава — у мінулым актывістка АГП. Яе абвінавачваюць у вядзеньні сацыяльных сетак кампаніі «Да волі», якую ініцыяваў Аўтуховіч. Затрымалі жанчыну ў Крупскім раёне.

Галіна Дзербыш — пэнсіянэрка з аграгарадку Абухава ў Горадзенскім раёне. Мае анкалёгію і праблемы з сэрцам. Яна нібыта давала Аўтуховічу сваю машыну для «разьведваньня мясцовасьці».

Яшчэ адна пэнсіянэрка Ірына Мельхер і ейны сын Антон — зь Берасьця. Віктар Сьнегур — з Гомельскай вобласьці, яго абвінавачваюць у дапамозе зь перасячэньнем мяжы. Менш вядомыя асобы — Ірына Гарачкіна і Павал Сава.

У чым іх абвінавачваюць?

У абвінавачаньні прысутнічаюць наступныя артыкулы КК: 289 «Акт тэрарызму», 357 «Змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам», 295 «Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў», 285 «Удзел у злачыннай арганізацыі», 130 «Распальваньне варожасьці», 361 «Заклікі да дзеяньняў, якія прычыняюць шкоду нацыянальнай бясьпецы Беларусі».

І гэта толькі самыя цяжкія з цэлага букета абвінавачаньняў. Прасьцей кажучы, людзей абвінавачваюць у падпале недабудаванага дома ў Ваўкавыску, які належаў мясцоваму супрацоўніку міліцыі. А таксама ў падпалах аўтамабіляў супрацоўнікаў сілавых органаў у Ваўкавыску і Горадні. У выніку гэтых дзеяньняў ніхто не пацярпеў.

Абвінавачаньне сьцьвярджае, што пры вобшуку ў доме Разановічаў, дзе часова жыў Аўтуховіч, было знойдзена мноства зброі: аўтаматы, пісталеты, тратылавыя шашкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG