Мікалай Аўтуховіч абвясьціў сухую галадоўку падчас судовага паседжаньня 11 ліпеня. Такім чынам ён пратэстуе супраць блякаваньня карэспандэнцыі. Аўтуховіч паскардзіўся, што яму перадаюць лісты толькі ад маці, і паведаміў, што не атрымлівае газэт.
Як стала вядома Свабодзе, Мікалай Аўтуховіч ужо некалькі дзён як зьмешчаны ў карцар. У карцары таксама і Вольга Маёрава, якая праходзіць зь ім па адной справе. Вольга Маёрава — у мінулым актывістка АГП. Яе абвінавачваюць у вядзеньні сацыяльных сетак кампаніі «Да Волі», якую ініцыяваў Аўтуховіч.
Раней трымаў галадоўку 61-гадовы фігурант «справы Аўтуховіча» Ўладзімер Гундар. Ён галадаў з 30 чэрвеня, пратэстуючы супраць таго, што суд не рэагуе на яго патрабаваньні, а таксама як адказ на прымусовае разьдзяваньне перад працэсам. Праз гэта ён правёў 10 сутак у карцары. Пазьней вязень вырашыў спыніць галадоўку, бо «зьявіліся некаторыя вынікі», паведамілі праваабаронцы «Вясны». Таксама вядома, што Гундара — інваліда ІІ групы — прасіў спыніць галадоўку і Мікалай Аўтуховіч.
Хто праходзіць па «справе Аўтуховіча»?
Мікалай Аўтуховіч (59 гадоў). У мінулым гэта афіцэр, які прайшоў вайну ў Афганістане. У незалежнай Беларусі быў уласьнікам службы таксі ў Ваўкавыску. У яго нярэдка ўзьнікалі праблемы зь мясцовым начальствам. У 2004 годзе Аўтуховіч спрабаваў трапіць у парлямэнт, незалежныя сацыёлягі нават засьведчылі яго перамогу ў першым туры. Аўтуховіч прайшоў праз два турэмныя тэрміны, абодва разы яго прызнавалі палітвязьнем. У зьняволеньні ён трымаў працяглыя галадоўкі, уцякаў ад міліцыі з-пад хатняга арышту.
Аўтуховіча судзілі ў 2010-м за падрыхтоўку тэракту — нібыта ён рыхтаваў замах на старшыню Горадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанку і намесьніка міністра па падатках і зборах Васіля Камянко. Аднак асудзілі яго за пяць знойдзеных пры вобшуку патронаў. Тады Мікалай атрымаў 5,5 года (вызвалены ў 2014-м).
Таксама па справе праходзіць сям’я праваслаўнага сьвятара зь Берасьця Сяргея Разановіча. Ён быў настаяцелем царквы ў вёсцы Сьцяпанкі Жабінкаўскага раёну. Разам з бацюшкам на лаве падсудных ягоная жонка Любоў і сын Павал. Любоў Разановіч у мінулым валодала службай таксі ў Берасьці, з таго часу і знае Аўтуховіча. У 2006 годзе трымала галадоўку. Павал працаваў у аддзеле прымусовага выкананьня Маскоўскага раёну Берасьця. Менавіта ў іх дома і затрымалі Аўтуховіча.
Уладзімер Гундар — 60-гадовы краязнаўца з Баранавіч. Інвалід, ня мае нагі. Ужо асуджаны на тры гады зьняволеньня за «гвалт у дачыненьні да службовай асобы».
Вольга Маёрава — у мінулым актывістка АГП. Яе абвінавачваюць у вядзеньні сацыяльных сетак кампаніі «Да Волі», якую ініцыяваў Аўтуховіч. Затрымалі жанчыну ў Крупскім раёне.
Галіна Дзербыш — пэнсіянэрка з аграгарадку Абухава ў Горадзенскім раёне. Мае анкалёгію і праблемы з сэрцам. Яна, маўляў, давала Аўтуховічу сваю машыну для «разьведкі мясцовасьці».
Яшчэ адна пэнсіянэрка Ірына Мельхер і яе сын Антон — зь Берасьця. Віктар Сьнегур — з Гомельскай вобласьці, яго абвінавачваюць у дапамозе зь перасячэньнем мяжы. Менш вядомыя асобы — Ірына Гарачкіна і Павал Сава.
У чым іх абвінавачваюць?
У абвінавачаньні прысутнічаюць наступныя артыкулы КК: 289 «Акт тэрарызму», 357 «Змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам», 295 «Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў», 285 «Удзел у злачыннай арганізацыі», 130 «Распальваньне варожасьці», 361 «Заклікі да дзеяньняў, якія прычыняюць шкоду нацыянальнай бясьпецы Беларусі».
І гэта толькі самыя цяжкія з цэлага букету абвінавачаньняў. Прасьцей кажучы, людзей абвінавачваюць у падпале недабудаванага дома ў Ваўкавыску, які належаў мясцоваму супрацоўніку міліцыі. А таксама ў падпалах аўтамабіляў супрацоўнікаў сілавых органаў у Ваўкавыску і Горадні. У выніку гэтых дзеяньняў ніхто не пацярпеў.
Абвінавачваньне сьцьвярджае, што пры вобшуку ў доме Разановічаў, дзе часова жыў Аўтуховіч, было знойдзена мноства зброі: аўтаматы, пісталеты, тратылавыя шашкі.