Найстарэйшы тэатральны калектыў Данеччыны разьмясьціўся ў сьценах Закарпацкага абласнога музычна-драматычнага тэатру Ужгараду. Большай частцы трупы ўдалося выбрацца з акупаванага гораду, сабрацца ў Ужгарадзе і аднавіць дзейнасьць тэатру.
Новая пастаноўка «Крык нацыі» расказвае гісторыю жыцьця ўкраінскага паэта-шасьцідзясятніка Васіля Стуса.
Дата прэм’еры — 16 ліпеня — была выбрана невыпадкова.
«Роўна чатыры месяцы таму, дзень у дзень, усе мы перажылі вялікі шок: расейцы зьнішчылі наш тэатар у Марыюпалі авіябомбай, пахаваўшы пад абломкамі сотні нявінных людзей, — адзначыў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Павал Кірыленка. — Дзень 16 сакавіка назаўжды застанецца адной з самых чорных старонак у гісторыі нашай вобласьці і краіны. Затое дзень 16 ліпеня адкрывае ў ёй новыя старонкі.
У пастаноўцы ўдзельнічала ўся трупа. Рэжысэрам спэктакля выступіла Людміла Каласовіч. Над мастацкай часткай працавала Эма Зайцава, рэжысэр па плястыцы — Натальля Каспшышак-Сеніў (ЗША).
16 сакавіка расейская авіяцыя скінула бомбу на Драматычны тэатар у Марыюпалі, які быў бамбасховішчам для сотняў людзей. У выніку авіяналёту каля 300 мірных грамадзян загінулі, 130 чалавек удалося ўратаваць. Дакладная колькасьць памерлых да сёньня невядомая.
Марыюпаль быў узяты ў аблогу расейскімі войскамі ў першыя дні маштабнага ўварваньня, якое пачалося 24 лютага. Украінскія падразьдзяленьні трымалі абарону гораду на Азоўскім моры да 20 траўня, калі з тэрыторыі заводу «Азоўсталь» вывезьлі апошніх абаронцаў Марыюпалю. Яны цяпер на падкантрольнай Расеі тэрыторыі і ня маюць сувязі са сваякамі.
У траўні Марыюпаль цалкам перайшоў пад кантроль Расеі.
Мэр Марыюпалю Вадзім Бойчанка ў траўні заяўляў, што ў горадзе ад расейскіх абстрэлаў загінулі больш за 20 тысяч цывільных грамадзян.