Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму патэлефанаваць, каб паразмаўляць зь беларускай апазыцыяй?


Сьвятлана Ціханоўская і Джо Байдэн, Вашынгтон, 28 ліпеня 2021
Сьвятлана Ціханоўская і Джо Байдэн, Вашынгтон, 28 ліпеня 2021

Палітыкі, якія сабраліся ў Бэрліне на II форум дэмакратычных сілаў, паспрабавалі аспрэчыць лідэрства ў апазыцыі Сьвятланы Ціханоўскай. Воля да ўлады — асноўны інстынкт палітыкаў, і дзіўна было б папракаць іх, што яны гэтую волю дэманструюць. Пра сытуацыю і пра тое, да чаго яна можа прывесьці, паразважаў на партале «Зеркало» Юры Дракахруст.

Відавочна, што Беларусь зараз вельмі далёкая ад грамадзкага ўздыму. Найперш з гэтай прычыны ніякіх асаблівых палітычных посьпехаў унутры краіны ў Ціханоўскай няма. Праўда, і ў іншых апазыцыйных палітыкаў таксама няма. Але паколькі ўсе яны апынуліся ў пэўным сэнсе ў аднолькавым становішчы, то некаторым зь іх прыходзіць у галаву думка — а чаму яна, а ня мы?

Адказ варта пачаць здалёк. У 70-я гады тагачасны дзяржсакратар ЗША Генры Кісінджэр, засмучаны разнабоем у поглядах паміж лідэрамі эўрапейскіх краінаў, задаў рытарычнае пытаньне: «Каму патэлефанаваць, каб пагаварыць з Эўропай?»

Гэтую формулу, дарэчы, у 2001 годзе перафразаваў расейскі палітоляг Глеб Паўлоўскі адносна тагачасных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. На тых выбарах другое пасьля Аляксандра Лукашэнкі месца заняў Уладзімер Ганчарык.

«Цяпер мы ведаем, каму патэлефанаваць, каб пагаварыць зь беларускай апазыцыяй», — пракамэнтаваў сытуацыю Паўлоўскі, які тады быў вельмі блізкі да Крамля.

Выканаць ролю такога «абанэнта» ў Ганчарыка не атрымалася. Але формула Кісінджэра-Паўлоўскага дакладна апісвае пажаданы стан рэчаў.

І гэта — сытуацыя Ціханоўскай і ў 2020 годзе, і цяпер.

Сьвет успрымае яе як паўнамоцнага прадстаўніка прынамсі пратэставай часткі беларускага грамадзтва, а да пэўнай ступені — і Беларусі.

На першы погляд, гэта ня так і шмат. Але насамрэч нямала. Вось у расейцаў, якія выступаюць супраць вайны і пуцінскага рэжыму, такога паўнамоцнага, усімі прызнанага прадстаўніка, «абанэнта», няма. Рэдкі выпадак у гісторыі, калі расейцы дэмакратычных поглядаў зайздросьцяць беларусам.

Магчыма, палітыкі, якія сабраліся на форум у Бэрліне, «извергнув из сана» Ціханоўскую, здолеюць прадэманстраваць, што такое сапраўднае палітычнае лідэрства. У гэтым ёсьць некаторыя сумневы, але чаго на сьвеце не бывае.

Але ўяўляецца зусім немагчымай перадача, пераход яе цяперашняга статусу паўнамоцнага прадстаўніка пратэставай Беларусі каму б там ні было. Яна атрымала яго ў абсалютна ўнікальных варунках 2020 году — у сытуацыі пратэставай мабілізацыі большасьці беларусаў і беспрэцэдэнтнай рэакцыі на гэта ўсяго сьвету.

Цяпер падобнай мабілізацыі не назіраецца, а ўжо большасьці — пагатоў.

Да таго ж ёсьць сумны досьвед беларускай апазыцыі, калі «сьвятое месца» лідэраў, зрынутых сваімі паплечнікамі, заставалася па сутнасьці пустым.

Баюся, што і ў гэтым выпадку справы пойдуць падобным чынам. І адказам на пытаньне «Каму патэлефанаваць, каб пагаварыць зь беларускай апазыцыяй?» будзе вялікі сьпіс вельмі рашучых і энэргічных спадарынь і спадароў. Што на самой справе эквівалентна адказу — нікому. Няма каму.

Ну што ж, беларусам не прывыкаць быць падобнымі да расейцаў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG