Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вакол Ціханоўскай будуецца закрытая сыстэма». Ці быць вызвольнаму руху Пракоп’ева, Цапкалы, Шарэцкага і Карач


ІІ Форум дэмакратычных сілаў Беларусі, Бэрлін. У цэнтры Анатоль Котаў (у сінім гарнітуры).
ІІ Форум дэмакратычных сілаў Беларусі, Бэрлін. У цэнтры Анатоль Котаў (у сінім гарнітуры).

У Бэрліне адбыўся ІІ Форум дэмакратычных сілаў Беларусі. Гэтую пляцоўку заснавала частка апазыцыйных да Аляксандра Лукашэнкі асобаў і арганізацый. Мадэратар форуму Анатоль Котаў расказаў у інтэрвію Свабодзе мэту гэтага мерапрыемства і вынікі паседжаньня ў Бэрліне.

У Бэрліне прайшло другое мерапрыемства, першае адбылося ў Варшаве. Як расказаў Анатоль Котаў, будуць і чарговыя. Форум пазыцыянуе сябе як пляцоўка дыскусій для апанэнтаў рэжыму Лукашэнкі. Зарэгістравацца і ўзяць у ім удзел можа кожны.

Але на бэрлінскай, як і варшаўскай, сустрэчы не была заўважаная ладная частка дэмакратычных лідэраў і структураў. Тым ня менш арганізатары форуму паставілі сабе задачу стварыць орган, які б быў аналягам цэнтру дэмакратычных сілаў, і абвясьціць пра стварэньне нацыянальна-вызвольнага руху. Прыводзім тэзісы інтэрвію з Анатолем Котавым пра вынікі форуму. Цалкам гутарку глядзіце на YouTube.

Ці стварылі ўрад у выгнаньні і вызвольны рух

Была створаная часовая рада форуму, але гэта ўнутраны орган, які будзе займацца падрыхтоўкай трэцяга форуму і складзе свае паўнамоцтвы, як толькі выберуць Нацыянальную раду ў адпаведнасьці з працэдурамі, над якімі трэба яшчэ папрацаваць. Трэба, каб працэдура была празрыстай і дэмакратычнай. Пра нацыянальна-вызвольны рух у канчатковай рэзалюцыі трошкі мякчэйшая фармулёўка. Рада форуму будзе ствараць умовы і дапамагаць аб’ядноўвацца тым, хто сапраўды павінен скласьці аснову нацыянальна-вызвольнага руху. Гэта людзі, якія бароняць свабоду Ўкраіны і змагаюцца супраць Расеі ва Ўкраіне і гатовыя змагацца супраць Лукашэнкі на беларускай зямлі.

Чаму не было Ціханоўскай, Латушкі, людзей Бабарыкі і іншых

Гэта пытаньне да тых, хто не прыехаў. Запрашэньні былі дасланыя ўсім. Форма рэгістрацыі на форум адкрытая, мог прыехаць кожны. Сьвятлану Ціханоўскую і ейны Офіс запрашалі публічна, на што было адказана: «Дзякуй». Яны не прыехалі. Доўга размаўлялі з Народным антыкрызісным кіраўніцтвам Латушкі. Але кожны выбірае сам. Мы ня мелі мэты сабраць усіх.

Хто лідэр форуму

Тут няма лідэрства. Палітычная будучыня любога беларускага палітыка будзе залежаць ад таго, наколькі ён зможа выстраіць свае адносіны з тымі беларускімі фармаваньнямі, якія змагаюцца ва Ўкраіне. Усё іншае — віртуальшчына.

Ці ня стане форум віртуальнай установай без уплыву на сытуацыю ў Беларусі

Мы за тое, каб рабіць рэчы, якія ня будуць абмяжоўвацца толькі піярам. У Бэрліне быў зроблены першы крок. Кожны быў за татальную свабоду слова. Цяпер на базе форуму трэба рабіць нейкую інстытуцыю і рабіць зь яго суб’ект. Пакуль вырашаюцца ўнутраныя пытаньні. На гэта трэба месяц-паўтара. Але на форуме былі тыя, хто займаецца радыкальнымі справамі. Большасьць гэтых прадстаўнікоў былі на форуме.

Ці гэта форум супраць Ціханоўскай

Некаторыя ў кулюарах казалі, што мы зьбіраемся аб’явіць імпічмэнт нацыянальнаму лідэру. Але, на маю думку, нам удалося вытрымаць той стыль, які адпавядае рэчаіснасьці. Калі б Сьвятлана Ціханоўская прыехала ў Варшаву ці Бэрлін, то былі б пытаньні і крытыка, але я лічу, што калі ёсьць адказы на пэўныя пытаньні, то гэта дапамагае будаваць давер паміж рознымі палітычнымі сіламі. Яе крытыка на форуме сьведчыць пра тое, што патрабуецца больш адкрытасьці і камунікацыі. А калі сыстэма будуецца амаль закрытая, то такія рэчы, як крытыка, і зьяўляюцца. Камунікацыі бракуе. Калі ад гэтых кантактаў там закрываюцца, то зьяўляецца больш незадаволеных, а рыторыка робіцца радыкальнай. Зь людзьмі трэба размаўляць.

Пра стварэньне транзытнага ўраду і вызвольнага руху ўжо раней гаварыў Латушка. Чаму форум стварае свае органы?

Справа ў прынцыпах. Мы запрашалі ўсіх, і ўсе мелі роўныя шанцы, каб прыехаць і данесьці свой пункт гледжаньня. Якім чынам будзе адбывацца запрашэньне на Кангрэс (пра які казаў Латушка. — РС), ня ведае ніхто. Гаварылі, што даўно вядуцца перамовы з рознымі сіламі, якія возьмуць удзел у кангрэсе. Калі б на нашым форуме спыталіся, ці гаварыў нехта зь імі пра ўдзел у Кангрэсе, то было б 80 адказаў “не”. Я лічу, што чым больш будзе “хуралаў”, якія будуць нешта выпрацоўваць, тым будзе лепш.

Навошта рабіць трэці форум

Мы лічым, што гэтая пляцоўка павінна працаваць раз на некалькі месяцаў, каб можна было паразмаўляць, гледзячы адно аднаму ў вочы. Парадку дня трэцяга форуму пакуль няма, яна будзе фармавацца некалькі наступных тыдняў.

У нас цяпер дзьве задачы — дапамагчы вызваліць Украіну і вызваліць ад двайной акупацыі Беларусь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG