Паводле Міністэрства інфраструктуры Ўкраіны, за апошнія чатыры дні прайшлі 16 гандлёвых караблёў, яшчэ больш за 90 чакаюць на рэйдзе Сулінскага каналу.
Украіна плянуе захаваць такі тэмп паставак па Дунаі, але гэта не дазволіць цалкам аднавіць аб’ёмы, якія перапраўляліся праз Чорнае мора да расейскага ўварваньня 24 лютага.
13 ліпеня ў Стамбуле вайсковыя дэлегацыі Ўкраіны, Расеі і Турэччыны пры ўдзеле прадстаўнікоў ААН праводзяць кансультацыі аб разблякаваньні марскога маршруту паставак украінскага збожжа.
Як паведамляе BBC News, на гэтай сустрэчы ўжо абмяркоўваюць магчымую схему. Паводле яе, як сьцьвярджаюць дыпляматычныя крыніцы агенцтва Reuters, украінскія марскія сілы будуць суправаджаць караблі са збожжам празь мінныя палі, Расея бярэ на сябе абавязкі не нападаць у часе суправаджэньня караблёў, а Турэччына пры падтрымцы ААН будзе аглядаць усе караблі, што накіроўваюцца ў Адэсу, каб не дапусьціць перамяшчэньня на іх узбраеньня. Апошняга патрабуе расейскі бок.
У выніку расейскай агрэсіі ва Ўкраіне зьнішчаныя некалькі вялікіх тэрміналаў, у якіх захоўвалася збожжа мінулага ўраджаю. Пасьля акупацыі часткі ўкраінскага поўдня расейскія войскі выкрадалі збожжа і перамяшчалі яго ў Крым для далейшага продажу на замежным рынку. Адначасова расейская армія заблякавала ўкраінскія марскія парты, празь якія ажыцьцяўляліся пастаўкі збожжа з Украіны.
Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш неаднаразова заяўляў, што ўжо ў 2022 годзе ў шэрагу краін можа наступіць голад, а ў 2023-м сытуацыя будзе яшчэ горшая. Вайну ва Ўкраіне ён называе адной з галоўных, але не адзінай прычынай гэтага.
Па словах Гутэрыша, ААН працягвае перамовы з бакамі канфлікту аб магчымасьці экспарту прадуктаў з Украіны і ўгнаеньняў з Расеі.