Міністэрства замежных спраў паведамляе, што сёньня ў МЗС быў выкліканы часовы павераны ў справах Польшчы Марцін Вайцяхоўскі.
Паводле МЗС, дыплямат быў выкліканы «ў сувязі зь нематываванай занепакоенасьцю польскага боку сытуацыяй зь месцам паблізу вёскі Мікулішкі Ашмянскага раёну Горадзенскай вобласьці, якое ў польскіх СМІ чамусьці называецца „брацкай магілай польскіх салдатаў“».
Міністэрства заявіла, што «паводле інфармацыі мясцовых органаў улады, на тэрыторыі дадзенага населенага пункта вайсковых пахаваньняў і пахаваньняў замежных вайскоўцаў не зарэгістравана».
Таму, паводле МЗС, у гэтым выпадку законнасьць правядзеньня работаў па ўладкаваньні тэрыторыі дадаткова пацьверджаная Генэральнай пракуратурай і грунтуецца на атрыманьні зьвестак аб адсутнасьці чалавечых парэшткаў і іншых фактараў, якія перашкаджаюць добраўпарадкаваньню.
МЗС у сваім камэнтары абвінаваціў Польшчу ў апаганьваньні вайсковых пахаваньняў: «У Польшчы толькі сёлета зафіксавана каля 30 актаў вандалізму ў дачыненьні да помнікаў людзям, якія аддалі свае жыцьці за яе вызваленьне ад фашызму, уключаючы трансьляцыю ў прамым эфіры ў сакавіку гэтага году апаганьваньня брацкай магілы 620 салдат у населеным пункце Хжовіцэ. У 1997 годзе на тэрыторыі Польшчы налічваўся 561 помнік, цяпер іх засталося менш за 100».
Пра апаганьваньне магілаў польскіх салдатаў у Мікулішках 4 ліпеня паведаміў дэпутат Сэйму Польшчы Робэрт Тышкевіч са спасылкай на віцэ-прэзыдэнта Зьвязу палякаў Беларусі Марэка Занеўскага.
У заяве МЗС Польшчы адзначылі, што гэтая «ганебная падзея» — прыклад парушэньня цяперашнімі беларускімі ўладамі ўсіх абавязаньняў у дачыненьні да мэмарыяльных аб’ектаў на сваёй тэрыторыі.
Часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі ўсклаў кветкі і запаліў сьвечкі на месцы зьнішчанай бульдозэрам магілы.
Сёньня ж Польскі Інстытут нацыянальнай памяці ў камэнтары для Радыё Свабода адзначыў, што з трывогай і абурэньнем успрыняў інфармацыю пра зьнішчэньне магілаў жаўнераў Арміі Краёвай у Мікулішках. «Хочам адзначыць, што разбурэньне месцаў пахаваньня супярэчыць усім нормам міжнароднага супрацоўніцтва і звычайнай чалавечай павагі да нябожчыка. У гэтым мы бачым вяртаньне да самых змрочных, барбарскіх часоў таталітарных рэжымаў ХХ стагодзьдзя».