Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Узбэкістану прапанаваў захаваць сувэрэнны статус Каракалпакстану


Пратэсты ў Нукусе, 1 ліпеня 2022 году
Пратэсты ў Нукусе, 1 ліпеня 2022 году

Прэзыдэнт Узбэкістану Шаўкат Мірзіёеў, які прыбыў у суботу ў сталіцу аўтаномнай рэспублікі Каракалпакстан Нукус, прапанаваў захаваць у Канстытуцыі краіны пункт аб сувэрэнітэце аўтаноміі.

Пра гэта паведаміў прэс-сакратар прэзыдэнта Шэрзод Асадаў.

У тэлеграм-канале ён адзначыў, што кіраўнік дзяржавы абапіраецца, у тым ліку, на аналіз меркаваньняў жыхароў Каракалпакстану, а таксама ўлічвае тое, што працэс абмеркаваньня зьмен у Асноўны закон яшчэ працягваецца.

Раней у суботу аб тым, што Мірзіёеў накіраваўся ў Каракалпакстан, дзе у пятніцу прайшлі буйныя дэманстрацыі супраць прапанаваных у Канстытуцыю паправак, паведаміў «Інтэрфакс са спасылкай на крыніцу ў адміністрацыі Мірзіёева.

«Прэзыдэнт вылецеў у Нукус, таму што ўчора там былі незаконныя дэманстрацыі», — сказала крыніца агенцтва, адзначыўшы, што пазьней зьявяцца афіцыйныя паведамленьні аб знаходжаньні Мірзіёева ў рэгіёне.

Узбэцская служба Радыё Свабода са спасылкай на дадзеныя сэрвісу Flightradar24 напісала і пра паездку ў Нукус Мірзіёева, і пра тое, што ў рэгіён накіраваўся самалёт прэм’ера Абдулы Арыпава.

1 ліпеня МУС Узбэкістана распаўсюдзіла заяву аб тым, што ў
Нукусе прайшла незаконная дэманстрацыя з прычыны паправак, якія ўносяцца ў Канстытуцыю краіны. Каб не дапусьціць парушэньня грамадзкага парадку, былі задзейнічаныя сілы і сродкі праваахоўных органаў, адзначылі ў ведамстве.

У заяве на сайце парлямэнта аўтаноміі была апублікаваная інфармацыя аб затрыманьні групы арганізатараў масавых беспарадкаў, якія аказалі актыўны супраціў, і аб тым, што іх абвінавачваюць у спробе захопу органаў улады. Таксама ў тэксьце згадваліся «спробы асобных нездаровых вонкавых сіл з-за мяжы паўплываць на разьвіцьцё сытуацыі ў Каракалпакстане».

Атрыманьне дакладнай інфармацыі з рэгіёну абцяжарана ў сувязі з абмежаваньнямі альбо перабоямі ў працы інтэрнэту і тэлефоннай сувязі.

Узбэцкая служба Радыё Свабода піша, што пратэстныя выступы ў Каракалпакстане пачаліся пасьля публікацыі праекту паправак да Канстытуцыі. Новая рэдакцыя была вынесена на грамадзкае абмеркаваньне 26 чэрвеня. У ёй выключаецца сувэрэнітэт Рэспублікі Каракалпакстан і права яе насельніцтва на аддзяленьне на аснове ўсеагульнага рэфэрэндуму.

Мясцовыя СМІ, якія цытуюць урадавыя крыніцы, пісалі, што папраўкі былі ўхвалены заканадаўцамі як у самой рэспубліцы, так і ў Ташкенце — у сувязі са «шматлікімі просьбамі вызначыць Каракалпакстан як непадзельную частку Ўзбэкістану».

Напярэдадні паведамлялася аб пратэстах у шэрагу гарадоў Каракалпакстану: у Нукусе, Чымбаі, Муйнаку. У сталіцы рэгіёну жыхары арганізавалі некалькі шэсьцяў, пасьля чаго сабраліся на тэрыторыі цэнтральнага дэхканскага рынку. Паводле шэрагу зьвестак, на вуліцах Нукуса ў пятніцу сабраліся сама меней сотні людзей са сьцягамі Каракалпакскай рэспублікі.

  • Рэспубліка Каракалпакстан — найбуйнейшы рэгіён Узбэкістану, які займае 40% тэрыторыі краіны. Там жывуць амаль два мільёны чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG