Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 2 ліпеня: 12 гадоў калёніі за 3 «кактэйлі Молатава» вайсковаму пэнсіянэру; 30 «сутак» за рэпосты актывісту з Наваполацку


Беларусаў працягваюць перасьледаваць за іх палітычную пазыцыю.

Актывіста з Наваполацку двойчы запар пакаралі «суткамі» за рэпосты. У ЦІПе ён перанёс гіпертанічны крыз

Андрэя Галавырына затрымалі 15 чэрвеня і зьмясьцілі ў Наваполацкі Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў. Вядома, што ў гэты дзень над ім адбыўся суд па арт. 19.11 КаАП за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Судзьдзя Зінаіда Балаболава прызнала яго вінаватым і прысудзіла 15 дзён адміністрацыйнага арышту. Учора, 1 ліпеня, Андрэя зноў пакаралі 15-дзённым арыштам, паведамляе «Вясна назірае».

Салістку гурта «Варган» Ксенію Глот асудзілі на 15 дзён арышту

Дзяўчыну затрымалі 30 чэрвеня ў Полацку. На яе склалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня па арт. 19.11 КаАП («распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»).

Справу разглядала судзьдзя Юльяна Шчэрба, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Вайсковага пэнсіянэра асудзілі на 12 гадоў калёніі за тры «кактэйлі Молатава»

Суд Баранавіцкага раёну і Баранавічаў разгледзеў крымінальную справу ў дачыненьні да пэнсіянэра Дзьмітрыя Нешты, якога прызналі вінаватым у незаконных дзеяньнях у адносінах да паляўнічай агнястрэльнай зброі (ч.1. арт. 295-3 Крымінальнага кодэксу) і акце тэрарызму (ч. 1 арт. 289 КК).

Дзьмітры Нешта — вайсковы пэнсіянэр, працаваў у Баранавічах на 558-м авіярамонтным заводзе.

Быў затрыманы ў кастрычніку 2021 году. Нядаўна ўключаны ў «сьпіс тэрарыстаў» па вэрсіі КДБ Беларусі.

Паводле матэрыялаў сьледзтва, абвінавачаны Нешта 26 верасьня 2020 году, знаходзячыся ў гаражы ў Баранавічах, незаконна вырабіў тры «кактэйлі Молатава», захоўваў іх у вышэй згаданым гаражы, а неўзабаве перанёс да аўтамабільнай стаянкі, разьмешчанай каля адной з вайсковых частак.

Там ён кінуў «кактэйлі Молатава» з запаленымі кнотамі ў аўтамабілі, якія належалі вайскоўцам адной з частак унутраных войскаў МУС з мэтай прымусіць іх адмовіцца дапамагаць сілавікам у «забесьпячэньні законнасьці падчас масавых беспарадкаў» у Баранавічах. Паводле сьледзтва, ён меў на мэце зьнішчыць аўтамабілі вайскоўцаў, чым нанес шкоду маёмасьці агулам на суму 59 039 рублёў 78 капеек.

Па ч.1 арт. 295-3 Крымінальнага кодэксу яму прысудзілі 1 год зьняволеньня, па ч.1 арт. 289 — яму — 11 гадоў зьняволеньня, агулам — 12 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Таксама абвінавачаны Нешта пазбаўлены вайсковага званьня «падпалкоўнік».

Віктар Бабарыка выйшаў са штрафнога ізалятару, дзе правёў 10 дзён

Паводле афіцыйнай вэрсіі, яго зьмясьцілі ў штрафны ізалятар за тое, што ён уступіў у канфлікт з сукамэрнікам, які заключаўся ў размове на павышаных танах. Зь перапіскай у палітвязьня па-ранейшаму праблемы — лісты яму не перадаюць.

У траўні Бабарыка ўжо правёў 10 сутак у ШІЗА, паведамляе афіцыйны канал палітыка ў Тэлеграме.

За абразу Лукашэнкі і распальваньне сацыяльнай варожасьці асудзілі жыхара Чэрыкава

Магілёўскім абласным судом у закрытым судовым пасяджэньні вынесены прысуд па крымінальнай справе ў дачыненьні да жыхара Чэрыкава Віктара Карніенкі, абвінавачанага ў абразе Лукашэнкі (ч.1 арт.368 КК) і распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці і варажнечы (ч.1 арт. 130 КК).

Справу разглядала судзьдзя Ірына Цяплова. Яна прысудзіла Віктару Карніенку 3 гады і 6 месяцаў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму, паведамляе«Вясна».

Мабільны тэлефон «Samsung», пры дапамозе якога «зьдзяйсьняліся злачынствы», канфіскаваны ў даход дзяржавы. Паколькі суд праходзіў у закрытым рэжыме, падрабязнасьці справы не вядомыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG