Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 1 ліпеня: Год «хатняй хіміі» — за камэнтар у бок Балабы; затрымалі вакалістку гурту «Варган»


Дзьмітры Дубоўскі
Дзьмітры Дубоўскі

Рэпрэсіі ў дачыненьні да беларусаў працягваюцца.

Анархіста Дзьмітрыя Дубоўскага, асуджанага на 18 гадоў калёніі, паставілі на прафіляктычны ўлік як «схільнага да ўцёкаў» — цяпер у яго чырвоная бірка, паведаміла сястра палітвязьня.

Як піша праваабарончы цэнтар «Вясна», ад былых вязьняў вядома, што зьняволеных з чырвонымі біркамі ня водзяць на прамысловую зону.

Акрамя гэтага, Дзьмітрыя Дубоўскага пазбавілі працяглага спатканьня.

«Ну, а ў астатнім усё стабілізуецца, дні падобныя адзін да аднаго, спрабую выпрацаваць для сябе распарадак і ўсё такое. Аднак адных маіх жаданьняў і плянаў тут недастаткова», — напісаў у лісьце ад ад 16 чэрвеня Дзьмітры.

Год «хатняй хіміі» — за камэнтар у бок Балабы

Сёньня ў судзе Маладэчна і Маладэчанскага раёну вынесьлі прысуд 24-гадоваму Арцемію Картавенкаву. Як паведамляе «Вясна», судзьдзя Вадзім Петрусевіч прызнаў яго вінаватым паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу («Абраза прадстаўніка ўлады») і асудзіў яго да году абмежаваньня волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу — «хатняй хіміі». Бок дзяржаўнага абвінавачаньня ў судзе падтрымлівала памочніца пракурора Юлія Жук.

Пацярпелы па справе — начальнік менскага АМАПу Дзьмітрый Балаба. Арцемій Картавенкаў у чаце «Каратели» у жніўні 2020 года пакінуў каментар «мужичок почувствовал себя... слишком, пора напомнить ему, кто он — кусок...!» пад фотаздымкам, на якім студэнт выбачаецца перад Балабам.

Начальнік АМАПУ ацаніў нанесеную яму маральную шкоду ў 1500 рублёў: менавіта столькі абвінавачаны мусіць выплаціць на ягоную карысьць. Балаба папрасіў, каб ён пералічыў грошы ў Дом Дзіцяці № 1. Таксама судзьдзя пастанавіў выплаціць тры базавыя велічыні (96 рублёў) за судовыя выдаткі.

У Менску затрымалі 42-гадовага Сяргея Юрчу

Затрымалі Сяргея Юрчу 16 чэрвеня, паведамляюць праваабаронцы. Аднак да гэтага моманту сваякі ня маюць ніякіх зьвестак, дзе ён.

Затрымалі вакалістку гурту «Варган» Ксенію Глот

Пра затрыманьне Ксеніі Глот паведаміў яе муж Канстанцін Путронак.

«Яна пайшла ў РАУС даваць тлумачэньні па невядомай справе „пра распаўсюджаньне экстрэмісцкіх матэрыялаў“, але адтуль яе ня выпусьцілі. Пакуль што ніякай дакладнай інфармацыі няма», — напісаў у Instagram Канстанцін.

Улады чарговы раз папоўнілі сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў»

У яго трапілі:

  • Тэлеграм-каналы «Белорусский порядок», dissidentby;
  • Tiktok-акаўнты nezavisem5, kepska_budze, systempop777, oppositia_1_, rausinc;
  • Youtube-ролікі «Жыве Беларусь. Крупкі 13.08.2020», «Жыве Беларусь. Крупкі 14.08.2020», «Крупки вышли на акцию протеста 14 августа» і «ЗАДЕРЖАНЫ ЧЛЕНЫ ИНИЦИАТИВНОЙ ГРУППЫ Светланы ТИХАНОВСКОЙ г. КРУПКИ».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG