Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 30 чэрвеня: 15 гадоў турмы за «тэрарызм»; 1,5 года «хіміі» за словы супраць праўладнага пікету

абноўлена

Арцём Анішчук
Арцём Анішчук

Рэпрэсіі ў дачыненьні да беларусаў працягваюцца. Некаторыя палітвязьні выходзяць з турмы, а на некаторых заводзяць новыя крымінальныя справы.

Гамяльчук з расейскім грамадзянствам атрымаў 15 гадоў па артыкуле аб «тэрарызьме»

33-гадовы грамадзянін Расеі Андрэй Паднябенны, які жыве ў Гомлі, атрымаў 15 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму і павінен выплаціць кампэнсацыю — больш як 16 тысяч рублёў.

Абвінавачвалі Паднябеннага ў кіраваньні экстрэмісцкім фармаваньнем, замаху на наўмыснае зьнішчэньне чужой маёмасьці і актах тэрарызму, паведамляе «Гомельская праўда».

Згодна з матэрыяламі справы, у верасьні 2019 году ён пракраўся на будоўлю, абліў лёгкім на загараньне рэчывам кола будаўнічага аўтакрана і падпаліў яго. У лістападзе 2021 году ён нібыта пракалоў шыны ў 39 тралейбусах у дэпо. Акрамя гэтага, расейца абвінавачвалі ў падпале машыны супрацоўніка міліцыі і адміністраваньні «экстрэмісцкага» тэлеграм-канала.

Палітзьняволенай настаўніцы музычнай школы прысудзілі год і два месяцы калёніі

Учора ў Горадзенскім абласным судзе вынесьлі прысуд палітзьняволенай Аксане Касьпяровіч. Яе прызналі вінаватай паводле арт. 130 Крымінальнага кодэксу («Распальваньне варожасьці») і асудзілі на год і два месяцы пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Але з улікам тэрміну, які яна ўжо правяла за кратамі, ёй засталося быць у зьняволеньні крыху больш за два тыдні, паведамляе «Вясна».

Аксану затрымалі 30 верасьня 2021 году па крымінальнай справе, заведзенай за камэнтары ў інтэрнэце пасьля гібелі ў менскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка і IT-спэцыяліста Андрэя Зельцара.

70-гадовага жыхара Менскай вобласьці будуць судзіць за 60 камэнтароў у «дэструктыўных тэлеграм-каналах»

«У экстрэмісцкіх тэлеграм-каналах ён шукаў людзей, гатовых учыняць злачынствы, аднак не давёў справу да канца, паколькі быў затрыманы супрацоўнікамі праваахоўных органаў», — заяўляюць у Сьледчым камітэце.

Пэнсіянэра абвінавачваюць адразу па 4 артыкулах: у «падрыхтоўцы да арганізацыі масавых беспарадкаў» (арт.13 і ч.1 арт.293), у абразах Лукашэнкі (ч.1 арт.368), прадстаўніка ўлады (арт. 369) і судзьдзі (ст.391), па першым яму пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Суд Магілёва пакараў менчука двума гадамі «хіміі» за камэнтар у адрас міліцыянта

Суд Ленінскага раёну Магілёва вынес прысуд па крымінальнай справе жыхара Менску Алега Лябіхава. Яго абвінавачвалі ў «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК).

Паводле матэрыялаў справы, 6 кастрычніка 2021 году Алег «з прычын палітычнай і ідэалягічнай варожасьці» пакінуў у тэлеграм-канале «Карнікі Беларусі» абразьлівы камэнтар у адрас супрацоўніка міліцыі грамадзкай бясьпекі Кастрычніцкага РАУС Магілёва Аўдзеева.

Судзьдзя Аксана Ратнікава прысудзіла Лябіхаву два гады «хіміі» і пастанавіла выплаціць 1000 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды пацярпеламу супрацоўніку міліцыі, паведамляе «Вясна».

У Менску асудзілі двух палітвязьняў

30 чэрвеня ў судзе Савецкага раёну Менску вынесьлі прысуд палітвязьням Дзьмітрыю Суганяеву і Паліне Мартынчык. Судзьдзя Марына Фёдарава прызнала іх вінаватымі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») і агучыла выракі: хлопцу — тры гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»), а дзяўчыне — тры гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў ПУАТ («хатняя хімія»), паведамляе «Вясна».

Іх затрымалі ў красавіку 2022 году за ўдзел у пасьлявыбарчых акцыях пратэсту. У «пакаяльных» відэа яны «прызнаваліся» ў тым, што перакрывалі рух транспарту.

У Горадні затрымалі лекара-хірурга за «абразу прадстаўнікоў улады і іх сем’яў»

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі аб затрыманьні мэдыка з Горадні Віктара Русіна. Нагодай для затрыманьня там называюць яго камэнтары, у якіх мужчына нібыта абражаў прадстаўнікоў улады і іх семʼі і Аляксандра Лукашэнку, а таксама тое, што ён зарэгістраваўся ў пляне «Перамога», піша «Зеркало».

Віктар Русін — лекар-хірург, працуе ў мэдыцыне з 2008 году. Мужчыну 38 гадоў, у яго двое дзяцей. Акрамя працы ў гарадзкой бальніцы хуткай дапамогі, Віктар выкладае ў ГрДМУ, сёлета атрымаў званьне дацэнта. Ён кандыдат мэдыцынскіх навук, аўтар больш за 80 навуковых прац і аднаго патэнта. Віктар Русін двойчы станавіўся стыпэндыятам спэцыяльнага фонду Лукашэнкі па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Палітвязьня Паўла Аўчарава ў шклоўскай калёніі зноў будуць судзіць

У судзе Шклоўскага раёну 6 ліпеня будуць разглядаць крымінальную справу супраць палітзьняволенага Паўла Аўчарава, якога раней асудзілі на 5 гадоў калёніі, піша «Вясна». Цяпер Паўла абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 411 КК — злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы. Справу будзе разглядаць судзьдзя Аляксандар Тараканаў. Палітвязьню пагражае да двух гадоў зьняволеньня.

Нагадаем, Аўчарава абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу за падзеі 23 верасьня 2020 году, калі ў Менску прайшла інаўгурацыя Лукашэнкі. У траўні 2021 году яму прысудзілі 5 гадоў калёніі.

1,5 года «хіміі» за спробу «зрыву пікету»

Каля будынка генэральнага консульства Польшчы ў Берасьці 19 красавіка адбыўся пікет БРСМ «супраць дзеяньняў польскіх уладаў па зносе помнікаў воінам-вызваліцелям». Як сьцьвярджае пракуратура, мужчына, які праходзіў міма, абражаў удзельнікаў пікету. Па дадзеных праваабаронцаў, ён выгукнуў ім: «Без Лукашэнкі!». Яго абвінавацілі ў хуліганстве і далі паўтара года «хіміі», паведамляе прэс-служба пракуратуры.

У ведамстве кажуць, што 48-гадовы жыхар Жабінкі 19 красавіка «сарваў правядзеньне пікету прадстаўнікамі Берасьцейскай абласной арганізацыі БРСМ супраць дзеяньняў польскіх уладаў па зносе помнікаў воінам-вызваліцелям часоў Вялікай Айчыннай вайны насупраць генэральнага консульства Польшчы».

Суд Ленінскага раёну Берасьця прызнаў мужчыну вінаватым у хуліганстве (ч. арт. 339 КК Беларусі) і вынес прысуд — 1,5 года «хіміі».

Перазатрыманьне Арцёма Анішчука

Палітвязень Арцём Анішчук меўся выйсьці на волю 29 чэрвеня. У гэты дзень цалкам скончыўся ягоны двухгадовы тэрмін пакараньня паводле артыкула 339 (хуліганства). Па вэрсіі сьледзтва і суду, ён разам зь іншымі асобамі пашкодзіў машыну аднаго з супрацоўнікаў Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў.

Аднак Dissident.by паведамляе, што 28 чэрвеня ў 18:00 Арцёма Анішчука арыштавалі паводле арт. 369 КК і ўзялі пад варту згодна з пастановай пракурора Магілёва за паведамленьні ў прыватным чаце, у якім адбывалася правакацыя сілавікоў на актыўныя дзеяньні.

Пры гэтым ініцыятыва дапамогі палітвязьням адзначае, што на момант «учыненьня злачынства» дзейнічала старая рэдакцыя арт. 369 КК, паводле якой максымальнае пакараньне было зьвязана з абмежаваньнем волі, а не яе пазбаўленьнем.

Вядома, што Арцём Анішчук ужо напісаў і паслаў скаргі на незаконнае ўтрыманьне пад вартай.

Справа паводле арт. 369 КК РБ 24 чэрвеня была перададзена пракурору Магілёва для далейшай перадачы ў суд.

Летась на Анішчука, былога супрацоўніка Менскага мэтрапалітэну, завялі крымінальную справу за злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі магілёўскай калёніі № 15. Тады палітвязень заяўляў пра фізычны і псыхалягічны ціск, на знак пратэсту супраць гэтага праглынуў мэталічныя прадметы.

У выніку пракуратура вынесла пастанову аб спыненьні крымінальнай справы, але яе не закрылі.

У гэтай жа калёніі Анішчука пазбаўлялі спатканьняў і прэсы.

Сёлета ў траўні Арцём другі раз перахварэў на COVID-19 і тыдзень правёў у санітарнай частцы.

У Горадні чарговы раз затрымалі Алега Сягодніка

Алег Сягоднік — мантажнік, раварыст, сябра ўжо зьліквідаванай арганізацыі «ВелаГродна», бацька траіх дзяцей.

У канцы кастрычніка 2020 году яго затрымалі на ровары разам зь сябрамі, а пасьля пабілі, піша «Вясна». Тады на яго склалі пратакол паводле арт. 23.34 КаАП. Алег адбыў двое сутак у ізалятары і атрымаў штраф у 20 базавых велічыняў (тады — 540 рублёў).

Сёньня праваабаронцам стала вядома, што яго зноў затрымалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG