У Горадні пачаўся IX Форум рэгіёнаў Беларусі і Расеі. Арганізатары чакаюць, што ўдзельнікі форуму падпішуць пагадненьні на суму больш як $1 млрд. Кантрактная работа вядзецца ў рамках рэалізацыі 28 дарожных мапаў. Арганізацыі і прадпрыемствы дзьвюх краін будуць абмяркоўваць мадэрнізацыю прамысловасьці, імпартазамяшчэньне, працу ва ўмовах заходніх санкцый і іншыя пытаньні.
Раней абвяшчалася, што кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін упершыню за тры гады прыедзе ў Беларусь. Аднак пазьней Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што ягоная сустрэча з Пуціным адбудзецца толькі ў фармаце відэаканфэрэнцыі.
30 чэрвеня адбудзецца пасяджэньне Міжпарлямэнцкай камісіі Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Савету Фэдэрацыі Фэдэральнага сходу Расеі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве. Беларускі Савет Рэспублікі і расейскі Савет Фэдэрацыі зьяўляюцца арганізатарамі форуму.
У час Форуму адбываецца спэцыялізаваная выстава, дзе дэманструюць тэхніку і іншую прадукцыю дзьвюх дзяржаў. Напярэдадні Форуму Свабода паглядзела, як ідзе падрыхтоўка да мерапрыемства.
У Беларусь 29 чэрвеня прыбыў міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў, але ў ягонай праграме прыезд у Горадню не прапісаны, хаця таксама, як і Форум, прымеркаваны да 30-годзьдзя ўсталяваньня дыпляматычных зносін паміж Беларусьсю і Расеяй. Лаўроў сустрэнецца з Лукашэнкам і міністрам замежных спраў Уладзімерам Макеем, прыме ўдзел у гашэньні канвэртаў, выпушчаных да юбілею.
Акрамя таго, Лаўроў у Менску выступіць перад выкладчыкамі і студэнтамі БДУ.
Прадстаўнікі беларускіх і расейскіх вну будуць удзельнічаць і ў Форуме рэгіёнаў, як сказала першая намесьніца міністра адукацыі Беларусі Ірына Старавойтава падпішуць каля 40 пагадненьняў аб супрацоўніцтве.