Прозьвішча Ціханоўскага, паводле цяперашняй вэрсіі сьпісу, КДБ напісаў з памылкай, уставіўшы туды непатрэбную літару «л», пры гэтым варыянт напісаньня лацінскімі літарамі беспамылковы.
Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы. У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПу.
Яму выставілі абвінавачаньні паводле ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці), ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак) і прысудзілі 18 гадоў узмоцненага рэжыму.
Ігар Лосік — адміністратар суполкі «РБ головного мозга» і фрылансэр-кансультант Радыё Свабода. На яго завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках») і асудзілі на 15 гадоў зьняволеньня. У чэрвені прайшло 2 гады з моманту затрыманьня Ігара.
Агулам у сьпіс дадалі 23 чалавекі, акрамя Лосіка і Ціханоўскага туды дадалі Аляксандра Курганскага, Яўгена Нарэйку, Паўла Кавальчука, Аліну Забаштанскую, Паўла Вінаградава, Дзяніса Карабана, Сяргея Ляхновіча, Юрыя Багдановіча, Аляксея Мельнікава, Руслана Парфёнава, Аляксея Грыцкевіча, Уладзіміра Гароха, Леаніда Герасімлюка, Андрэя Крылова, Андрэя Аўсіевіча, Валянціна Панасіка, Дзмітрыя Меленчука, Руслана Садоўнічага, Яўгена Збароўскага, Васіля Дземідовіча.
Таксама ў яго дадалі былога палітвязня Дзяніса Кірэшчанку, які 30 кастрычніка 2021 году выйшаў на волю з ПК №1.
Усяго пасьля прэзыдэнціх выбараў 2020 году ў сьпіс «асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці» КДБ унёс каля 80 беларусаў.
Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка
На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).
Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.
Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.
11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.
- 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
- Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.