Гэтае званьне прысвоіў яму Аляксандар Лукашэнка сваім указам, паведамілі БелТА ў прэс-службе апошняга.
27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў адпаведны ўказ «Аб узнагароджаньні», дзяржаўныя ўзнагароды далі 75 прадстаўнікам розных сфэр дзейнасьці.
84-гадовы Мікалай Чаргінец у маладосьці быў футбалістам, гуляў непрацяглы час у вышэйшай лізе чэмпіянату СССР, пасьля служыў у органах унутраных спраў. Даслужыўся да званьня генэрал-лейтэнанта ўнутранай службы, быў начальнікам упраўленьня крымінальнага вышуку МУС БССР. У літаратуры Чаргінец атрымаў вядомасьць як аўтар міліцэйскіх дэтэктываў («Следствие продолжается», «Финал Краба», «Вам — задание» і інш.). Акадэмік Акадэміі праблем бясьпекі, абароны і правапарадку Расейскай Фэдэрацыі (была закрытая ў 2008 г. за махлярства). У час, калі Саюзам пісьменьнікаў кіраваў Чаргінец, наклад калісьці папулярнага штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва» зьменшыўся амаль у дзесяць разоў. Зь ведама Чаргінца імёны шэрагу вядомых пісьменьнікаў былі ўнесеныя ў так званыя «чорныя сьпісы» дзяржаўных выдавецтваў.
Больш за дзесяць гадоў узначальваў камісію міжнародных справаў у Савеце Рэспублікі (1996–2008), у 2001-м быў даверанай асобай Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах. У тым жа годзе ён адмаўляў датычнасьць вышэйшых чыноўнікаў да зьнікненьня апазыцыйных палітыкаў.
Упершыню званьне народнага пісьменьніка Беларусі атрымаў аўтар, які піша на расейскай мове.
Вось сьпіс народных пісьменьнікаў і паэтаў Беларусі:
- Янка Купала (1925)
- Якуб Колас (1926)
- Кандрат Крапіва (1956)
- Пятрусь Броўка (1962)
- Міхась Лынькоў (1962)
- Аркадзь Куляшоў (1968)
- Максім Танк (1968)
- Іван Мележ (1972)
- Іван Шамякін (1972)
- Пімен Панчанка (1973)
- Андрэй Макаёнак (1977)
- Васіль Быкаў (1980)
- Янка Брыль (1981)
- Ніл Гілевіч (1991)
- Рыгор Барадулін (1992)
- Іван Чыгрынаў (1994)
- Іван Навуменка (1995)