У паведамленьні адзначалася, што беларус «зьбіраў для ворага інфармацыю аб разьмяшчэньні і перамяшчэньні тэхнікі Ўзброеных сіл Украіны, а таксама аб стане мабілізацыі ў рэгіёне». Затрыманьне «беларускага шпіёна» праводзілі спэцпрызначэнцы СБУ.
Мае вышэйшую адукацыі і сям’ю ва Ўкраіне
Затрыманы беларус пражывае ва Ўкраіне з 2006 году на падставе віду на сталае жыхарства. Ён мае сям’ю і непаўналетняе дзіця.
Беларус, якога падазраюць у шпіянажы на карысьць «варожых спэцслужбаў», нарадзіўся ў Маларыцкім раёне Берасьцейскай вобласьці і мае вышэйшую адукацыю.
Ягоны адвакат не паведаміў Свабодзе імя свайго падабароннага, абгрунтаваўшы гэта мэтамі бясьпекі як для затрыманага, так і для ягонай сям’і. «Я не магу паведаміць вам ягоныя асабістыя зьвесткі. Гэта нават у інтарэсах бясьпекі ягонай сям’і», — сказаў ён.
Расьсьледаваньне справы падоўжылі
Грамадзяніна Беларусі затрымалі 18 сакавіка. Дасудовае расьсьледаваньне справы мусілі закончыць 18 траўня, але сьледчыя не змаглі своечасова правесьці экспэртызы, таму зьвярнуліся ў суд, каб падоўжыць расьсьледаваньне справы да 18 ліпеня.
«Мой падабаронны зьвярнуўся ў СБУ, каб паведаміць, што яго маюць намер завэрбаваць спэцслужбы Беларусі, а яго затрымалі і абвінавацілі ў шпіянажы. СБУ, замест таго, каб выкарыстаць яго як магчымага патэнцыйнага агента ў інтарэсах Украіны, паставіла сабе „птушачку“ і завяла крымінальную справу», — паведаміў Свабодзе адвакат. Ён таксама прасіў не называць ягонае імя.
«Прапанавалі хатні арышт пад заклад»
У сакавіку суд пры разглядзе хадайніцтва сьледзтва аб працягу ўтрыманьня беларуса пад вартай ухваліў магчымасьць унясеньня фінансавага закладу. Пры аплаце 1 984 800 грыўняў (на той момант амаль 67 тысяч даляраў у эквіваленце) беларуса маглі перавесьці пад хатні арышт.
Але такіх грошай у сям’і няма.
«Магу сказаць, што прымяняюцца недазволеныя мэтады правядзеньня дасудовага расьсьледаваньня. Дэталі, калі я гэта змагу даказаць, адпаведна змагу таксама паведаміць», — паведаміў адвакат беларуса.
Юрыст пакуль ня ведае, ці дазволяць правядзеньне суду ў адкрытым для журналістаў рэжыме. Неўзабаве сьледзтва мае зьвярнуцца ў суд, каб чарговы раз падоўжыць тэрмін утрыманьня пад вартай і правядзеньня дасудовага расьсьледаваньня.
Якіх экспэртыз чакаюць сьледчыя
Сьледчыя тлумачаць неабходнасьць падаўжаньня тэрмінаў расьсьледаваньня справы тым, што яшчэ не завяршыліся экспэртызы.
У прыватнасьці, ад камандуючага сухапутных войскаў Узброеных сіл Украіны чакаюць заключэньня па выніках правядзеньня экспэртызы ў сфэры дзяржаўнай тайны.
Асобна ўкраінскі навукова-дасьледчы інстытут спэцыяльнай тэхнікі і судовых экспэртыз СБУ праводзіць кампутарна-тэхнічную экспэртызу мабільнага тэлефона, які забралі ў беларуса пры затрыманьні.
Сьледчыя не выключаюць, што па выніках экспэртыз грамадзяніну Беларусі могуць зьмяніць абвінавачаньне, а таксама вызначыцца з прававой кваліфікацыяй «дзеяньняў магчымых саўдзельнікаў падазраванага». Гэта адзначаецца ў пастанове суду аб падаўжаньні расьсьледаваньня да 18 ліпеня.
Згодна з украінскім заканадаўствам, грамадзяніну Беларусі пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з або без канфіскацыі маёмасьці.
Першага «беларускага шпіёна» дагэтуль ня могуць асудзіць
У чэрвені 2017 году на ўкраінскім памежным пераходзе «Новыя Ярылавічы», што на мяжы зь Беларусьсю, паводле падазрэньня ў шпіянажы затрымалі беларускага грамадзяніна Юрыя Палітыку. Ён адседзеў у сьледчым ізалятары да кастрычніка 2019 году, пакуль яго не абмянялі на ўкраінскага журналіста Паўла Шаройку, затрыманага ў Беларусі паводле аналягічнага абвінавачаньня і асуджанага на 8 гадоў пазбаўленьня волі.
У той жа час ва Ўкраіне справу супраць Юрыя Палітыкі не закрылі, і заплянавалі на 2022 год адразу некалькі пасяджэньняў, на якіх плянавалі прадоўжыць разгляд справы. Але яны так і не адбыліся.
Юры Палітыка, як і затрыманы на Валыні грамадзянін Беларусі, таксама абвінавачваецца паводле часткі 1 артыкулу 114 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны аб шпіянажы.