Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіча этапавалі ў калёнію ў Глыбокім — адну з самых жорсткіх у Беларусі


«Сюрпрызаў не здарылася. Мікола Статкевіч у ПК 13 у Глыбокім», — напісала ў Фэйсбуку жонка палітвязьня Марына Адамовіч.

Статкевіч быў асуджаны на 14 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі асаблівага рэжыму, у адказ на апэляцыю аб пераглядзе прысуду Вярхоўны суд пакінуў яго бязь зьменаў.

Як адзначае праваабарончы цэнтар «Вясна», асаблівы рэжым прадугледжвае: штомесячныя закупкі на 3 базавыя велічыні; два кароткатэрміновых і адно працяглае спатканьне на працягу году; адну пасылку або перадачу і дзьве бандэролі ці два дробныя пакеты на працягу году.

У нядаўнім інтэрвію «Новаму часу» Марына Адамовіч распавяла, што ў Глыбоцкай калёніі вязьняў утрымліваюць у камэрах замест атрадаў:

«Па сутнасьці, асаблівы рэжым — гэта ўзаконенае маруднае забойства. Звычайна людзі не выжываюць там на працягу такіх тэрмінаў. Калі я прачытала пра гэта, проста распаўзлася лужынай у тым гомельскім гатэльчыку.

Калёнія вельмі падобная да арміі. Адзінае што — за калючы дрот не выйдзеш. Там прадугледжанае казарменнае ўтрыманьне, там ёсьць атрады, спартовыя пляцоўкі.

Асаблівы рэжым — зусім іншае. У Глыбокім вельмі спэцыфічны кантынгент. Там утрымліваюцца сапраўдныя асабліва небясьпечныя рэцыдывісты — забойцы, гвалтаўнікі, асобы, асуджаныя да пажыцьцёвага зьняволеньня, і тыя, каму сьмяротнае пакараньне замененае на пажыцьцёвае. Сярод такіх людзей будзе мой Мікалай.

Псыхалягічна гэта моцна мяне ўразіла.

Але я ведаю, наколькі моцны Мікалай чалавек, як і ведаю тое, што ў іх столькі часу дакладна няма».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG