Цяпер пытаньне перапыненьня непажаданай цяжарнасьці будзе вырашацца на ўзроўні заканадаўства кожнага са штатаў. Гэта можа прывесьці да фактычнай забароны абортаў у кансэрватыўна настроеных штатах Поўдня і Сярэдняга Захаду ЗША.
У 1973 годзе Вярхоўны суд ЗША прыняў рашэньне па зыску пацыенткі Нормы Маккорві, якая выступала пад псэўданімам Джэйн Роў, якая настойвала на праве перапыніць цяжарнасьць. У Маккарві ўжо было двое дзяцей, трэцяя цяжарнасьць была нежаданай, але па законах штата Тэхас перапыненьне цяжарнасьці дазвалялася толькі ў выпадку наўпроставай пагрозы жыцьцю маці.
Тады суд пастанавіў, што жанчыны ва ўсіх штатах ЗША ў першым трымэстры цяжарнасьці маюць права на аборт незалежна ад прычынаў.
Сёньня суд адмяніў свой вэрдыкт амаль пяцідзесяцігадовай даўніны і заявіў, што пытаньні абортаў ізноў будуць рэгулявацца заканадаўствам канкрэтных штатаў.
Паводле ацэнкі інстытуту рэпрадуктыўнага здароўя Guttmacher, мінімум 26 штатаў ЗША, асабліва традыцыйна кансэрватыўныя штаты Поўдня і Сярэдняга Захаду, могуць хуткім часам прыняць рашэньне аб поўнай або амаль поўнай забароне абортаў. Гэта можа прывесьці да росту колькасьці падпольных абортаў, зьвязаных зь імі сьмерцяў і цяжкіх наступстваў для здароўя жанчынаў, «абортнага турызму», а таксама да росту колькасьці дзетазабойстваў і адмоваў ад нованароджаных.
- Пачынаючы з 1994 года ЗША сталі толькі чацьвёртай дзяржавай, якая абмежавала права жанчын на самастойнае рашэньне аб перапыненьні цяжарнасьці. Да іх гэта зрабілі Польшча, Нікарагуа і Сальвадор.
- Тым часам германскі Бундэстаг 24 чэрвеня адмяніў прыняты яшчэ ў эпоху нацыянал-сацыялізму закон, які забараняў лекарам і клінікам адкрыта згадваць, што ў іх праводзяцца аборты. Згодна з дзеючымі нормамі, мэдыкі маглі выконваць гэту працэдуру, але ня мелі права згадваць пра яе ні ў рэкляме, ні ў прэйскуранце, а таксама даваць пацыенткам любую дадатковую інфармацыю аб мэтадах і рызыках перапыненьня цяжарнасьці. Цяпер нямецкія дактары змогуць гаварыць аб абортах гэтак жа адкрыта, як аб любых іншых мэдычных паслугах.