З крыкамі «Гэта ганьба!», «Гэта скандал!», «Гэта вайна!» дэпутаткі абступілі месца, дзе сядзіць лідэр кіроўнай у Польшчы партыі «Закон і справядлівасьць» Яраслаў Качыньскі. Члены партыі агарадзілі яго, інфармуе ТАСС.
Пасяджэньне парлямэнту давялося перапыніць. У момант, калі ў залю пасяджэньняў ўвайшла парлямэнцкая варта, каб навесьці парадак, жанчын-пратэстовак пачалі абараняць дэпутаты апазыцыі.
Намесьнік старшыні Сэйму Рышард Цярлецкі у мікрафон заклікаў усіх завадатараў пратэсту да парадку. Асобных дэпутатаў адхіляюць ад удзелу ў працы палаты.
22 кастрычніка Канстытуцыйны суд Польшчы прыняў рашэньне аб тым, што дазволены польскім заканадаўствам аборт з прычыны паталёгіі плода супярэчыць галоўнаму закону краіны. Гэта рашэньне Канстытуцыйнага суду ўступіць у сілу пасьля яго публікацыі ў «Афіцыйным весьніку». З гэтага моманту ў краіне застануцца толькі дзьве прычыны, якія дазваляюць афіцыйна зрабіць аборт, — пагроза жыцьцю і здароўю маці або калі цяжарнасьць наступіла пасьля згвалтаваньня. Інфармацыі пра тое, калі адбудзецца публікацыя, пакуль няма.
Ужо некалькі дзён у розных гарадах Польшчы працягваюцца масавыя акцыі пратэсту. У нядзелю сваю незадаволенасьць праціўнікі забароны абортаў выказвалі ў касцёлах, у панядзелак дэманстранты заблякавалі рух транспарту на цэнтральных вуліцах. У цэнтры Варшавы ўтварыліся велізарныя заторы. Позьнім вечарам у сталіцы дайшло да сутычак удзельнікаў акцый з паліцыяй, быў ужыты сьлезацечны газ.
Маравецкі выказаў асьцярогу з прычыны вастрыні пратэстаў
«Маштаб агрэсіі ня можа быць апраўданы» — заявіў прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі аб пратэстах, інфармуе Польскае радыё.
— Хочацца верыць, што ўсе ў Польшчы па-ранейшаму лічаць, што да кожнага чалавека, незалежна ад яго хваробы ці інваліднасьці, трэба ставіцца з годнасьцю і павагай. Таму,праяўляючы цярпімасьць да іншых поглядаў, я зьвяртаюся да грамадзкім дзеячоў, але таксама і да ўсіх, хто выказвае сябе ў публічнай прасторы, узважваць словы, — сказаў прэм’ер-міністар у інтэрвію штотыднёвіку «Gazeta Polska».