Як адзначаецца ў справаздачы, беларускія ўлады адказалі «беспадстаўным прымяненьнем сілы супраць мірных дэманстрантаў на антываенных мітынгах, катаваньнямі затрыманых на антываенных мітынгах у месцах несвабоды, жорсткімі рэпрэсіямі на рэакцыі на вайну ў сацыяльных сетках і інтэрнэце, прымяненьнем баявой зброі супраць удзельнікаў „рэйкавай вайны“, узброенай аховай чыгуначных шляхоў і абсталяваньня».
Толькі за два дні — 27 і 28 лютага 2022 году, у асноўны дзень галасаваньня на рэфэрэндуме па зьменах у Канстытуцыю і ў наступны дзень — у Беларусі было затрымана больш за 1100 чалавек, пры гэтым мінімум 630 чалавек атрымалі адміністрацыйны арышт. Паводле МУС, на выбарчых участках за розныя парушэньні грамадзкага парадку па краіне затрыманыя каля 800 чалавек.
Як адзначаюць у дакладзе праваабаронцы, усіх затрыманых за пратэсты супраць вайны ва Ўкраіне ўтрымлівалі «ў нечалавечых умовах» у Цэнтрах ізаляцыі правапарушальнікаў і ізалятарах часовага ўтрыманьня. Умовы ўтрыманьня ў гэтых установах для «палітычных» нашмат адрозьніваліся ад умоваў, у якіх знаходзіліся грамадзяне, затрыманыя па побытавых правапарушэньнях.
«Палітычным» не выдавалі ні матрацы з падушкамі, ні пасьцельную бялізну з ручнікамі, не дазвалялі перадачы. Адміністрацыі ўстановаў мэтанакіравана стваралі ў камэрах перанаселенасьць — з разьліку «чалавек/месца» загружанасьць дасягала 32/4 (32 чалавекі ў чатырохмеснай камэры). Асобных спальных месцаў не было. Людзі спалі па двое на нарах-ложках з мэталічнымі прутамі, на сталах, пад ложкамі, проста на бэтоннай або драўлянай падлозе, адзначаецца ў справаздачы.
Супрацоўнікі ўстановаў забіралі ў затрыманых цёплую вопратку, адчыняючы вокны ў камэрах, каб людзі замярзалі; большую частку затрыманых не кармілі да суду ад 1 да 5 дзён; не выдавалі сродкі асабістай гігіены, у тым ліку туалетную паперу і пракладкі жанчынам; катавалі пазбаўленьнем сну, праводзячы пераклічкі а 2 і 4 гадзіне ночы, прымушаючы людзей уставаць і называць свае прозьвішча, імя і імя па бацьку.
Мужчын «пэрыядычна білі ахоўнікі і супрацоўнікі АМАПа», у тым ліку ўначы. Пры гэтым, паводле інфармацыі праваабаронцаў, матывы жорсткага абыходжаньня не хаваліся — гэта было адказам на антываенную пазыцыю. У ІЧУ Жодзіна затрыманых білі проста ў камэрах.
Нягледзячы на тое, што ў такіх умовах утрыманьня многія мелі праблемы са здароўем, мэдыцынскую дапамогу не аказвалі або аказвалі ня ў поўным аб’ёме. Многім затрыманым пасьля адбыцьця адміністрацыйных арыштаў давялося доўга аднаўляць сваю фізычную форму і здароўе, гаворыцца ў справаздачы. Яны адзначалі, што страцілі ў вазе за час арыштаў, доўга хварэлі, іх псыхалягічны стан быў вельмі цяжкі і прыгнечаны.
Таксама праваабаронцы пішуць у справаздачы пра сацыяльныя наступствы адбыцьця адміністрацыйных арыштаў для затрыманых: многіх зь іх звольнілі альбо зь імі не працягнулі працоўныя кантракты. Двух студэнтаў выключылі з ВНУ з 5 курса. Сям’ю аднаго з затрыманых паставілі на ўлік як «праблемную», іх дзіцё нібыта знаходзіцца ў сацыяльна-небясьпечным становішчы.
Некаторыя грамадзяне празь небясьпеку паўторных затрыманьняў і завядзеньня крымінальных спраў мусілі пакінуць краіну.