Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мянчук пра арышт за антываенную акцыю: «На чатыры месцы ў камэру закінулі 16 чалавек, некаторым рабілася млосна»


Адзін з антываенных плякатаў на акцыях у Беларусі
Адзін з антываенных плякатаў на акцыях у Беларусі

Жыхар Менску Аляксей адбыў «суткi» за антываенны пікет. Ён расказаў пра сваю падрыхтоўку да акцыі, а таксам пра ўмовы адбыцьця арышту.

Аляксей патлумачыў «Салідарнасьці», што рыхтаваўся да арышту загадзя, пытаньне было толькі ў тэрміне ці памеры штрафу. Таксама ён расказаў пра асаблiвасьцi ізалятару на Акрэсьцiна.

«Ніякіх ілюзій наконт таго, чым усё гэта скончыцца, не было з самага пачатку. Таму перадусім настроіўся псыхалягічна, адклаў грошай на жыцьцё сям’і, пераставіў у зручнае месца машыну, падабраў адзеньне і абутак — усё цёплае і без шнуркоў. І толькі потым пайшоў з плякатам „Не — вайне“ на адну са сталічных вуліц», — кажа Аляксей.

У пастарунку былі іншыя затрыманыя ў гэты дзень. Незалежна ад абставінаў затрыманьня, амаль усім выстаўлялі абвінавачаньні паводле «народнага» артыкулу 24.23 («парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў»). А ў пратаколах потым дапісвалі, што затрыманыя, апроч іншых парушэньняў, выкрыквалі лёзунг «Жыве Беларусь!». Таксама, як успамінае былы арыштаваны, зь некаторымі гутарыў чалавек, падобна, з КДБ, распытваў пра настроі і матывы, але «cупрацоўніцтва» не прапаноўваў.

На чатыры месцы ў камэру закінулі 16 чалавек. Адчыніць вакно праз тоўстыя мэталічныя краты было немагчыма, і хутка зрабілася настолькі душна і вільготна, што па сьценах сьцякаў кандэнсат, паветра было нібы туман, а «вочка» запацявала. Празь дзень у такіх умовах некаторым рабілася млосна, давялося нават выклікаць мэдыка — той нічым не дапамог, але хаця б калідорны адчыніў «кармушку».

«Лепей за ўсіх перанесьлі гэтую і наступныя дзьве ночы тыя, хто спаў на падлозе. Асабліва зручным аказалася месца ля дзьвярэй, бо праз шчыліны задзімала хоць крышачку паветра. Далей мы гэтае месца называлі „санаторый“ альбо „кіслародная“».

Судзіць іх пачалі толькі празь дзень, праз скайп, і розьніца ў тэрмінах, паводле назіраньняў, залежала толькі ад таго, ці згаджаўся чалавек з пратаколам: так — 13 сутак, не — 15. Аляксей свайго пікету не адмаўляў і патлумачыў свой выхад:

«Так, стаяў з плякатам „Не — вайне“. У нас ідзе Год гістарычнай памяці? Яе шмат у мяне. З боку бацькі падчас ІІ усясьветнай вайны дзед загінуў у канцлягеры, дзядзьку (старэйшага брата бацькі) расстралялі за ўдзел у партызанскім руху. Браты бабулі загінулі ў Вугоршчыне і Расеі. Матчын айчым, які выхоўваў яе як уласную дачку (дарэчы, украінец па паходжаньні), ваяваў у партызанскім атрадзе на Гомельшчыне. Пасьля вайны быў паважаным чалавекам, яго фота нават захоўваецца ў музэі ў Менску. Таму я і выйшаў, бо мне баліць. Але хто там мяне слухаў, канешне...»

Раніцой асуджаных этапавалі ў Жодзіна. 32 чалавекі на 20 «квадратаў» і 8 месцаў, ніякіх падушак і матрацаў, адсутнасьць рэчавых і харчовых перадач — «бо каранавірус».

«„Ці не зашмат нас тут?“ — пасьпеў запытаць нехта. На што пачуў, відаць, загадзя прапісаны ў мэтадычцы ахоўнікаў жарт: „Ну дык вы ж любіце масавыя мерапрыемствы“».

Падлога ў Жодзіне была керамічнай і, адпаведна, халоднай; лавы вузкія, на іх не пасьпіш, вада толькі халодная, цьмянае сьвятло ніколі не выключаецца, туалетнай паперы — рулён на 32 чалавекі.

«Карацей, зорак гэтаму „гатэлю“ я даў бы няшмат», — жартуе Аляксей.

«Прагулак не было, але адзін раз за два тыдні звадзілі ў душ, дзе большасьць пасьпела намокнуць, а колькі шчасьліўчыкаў памыцца. Неяк пару гадзін працавала радыёкропка, адкуль мы пасьпелі даведацца галоўнае: надвор’е, лік у гульні паміж „Шахтаром“ і „Віцебскам“ і санкцыі варожага Захаду супраць нашых мужных спартоўцаў», — дадае былы арыштант.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG