Паездку, пра якую 21 чэрвеня паведаміла Міністэрства юстыцыі ЗША, загадзя не анансавалі. Як паведамляецца, Гарланд выказаў гатоўнасьць ЗША аказаць дапамогу Ўкраіне ў выяўленьні, пошуку і пакараньні вінаватых у ваенных злачынствах.
Падчас свайго візыту ў Кіеў Гарлэнд заявіў, што ЗША створаць ва Ўкраіне адмысловую групу па расьсьледаваньні ваенных злачынстваў. Узначаліць яе супрацоўнік міністэрства юстыцыі Элі Розэнбаўм, якога называюць самым вядомым амэрыканскім «паляўнічым за нацыстамі».
Генэральны пракурор Украіны Ірына Венядзіктава падзякавала Гарланду за падтрымку, адзначыўшы, што бакі маюць «агульнага ворага».
Паводле слоў генэральнага пракурора ЗША, ён плянуе абмеркаваць з украінскімі праваахоўнымі органамі захады дзеля прыцягненьня да адказнасьці вінаватых у зьверствах і ваенных злачынствах.
«ЗША пасылаюць выразны пасыл: няма дзе хавацца, мы і нашы партнэры будзем выкарыстоўваць усе сродкі, каб забясьпечыць адказнасьць вінаватых», — сказаў Гарланд.
Украіна настойвае на законным пакараньні Расеі празь Міжнародны суд ААН, Міжнародны крымінальны суд і Эўрапейскі суд правоў чалавека.
2 сакавіка Пракуратура Міжнароднага крымінальнага суду абвясьціла аб пачатку расьсьледаваньня ваенных злачынстваў, злачынстваў супраць чалавечнасьці і генацыду ва Ўкраіне.
Нягледзячы на шматлікія сьведчаньні, Расея не прызнае адказнасьці сваіх вайскоўцаў за ваенныя злачынствы.