Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Камунізм=Рашыzм». У Кіеве адкрылася выстава, на якой параўналі злачынствы цяперашніх расейскіх вайскоўцаў і НКВД. ФОТА


Выстава ў Кіеве пра злачынствы расейскай арміі сёньня і злачынствы НКВД у 30-я гады
Выстава ў Кіеве пра злачынствы расейскай арміі сёньня і злачынствы НКВД у 30-я гады

У цэнтры ўкраінскай сталіцы зьявілася вулічная экспазыцыя, на якой прадстаўлена інфармацыя аб украінцах, якія пацярпелі ад амаль ідэнтычных злачынстваў, учыненых у 30-я гады мінулага стагодзьдзя органамі НКВД і цяпер, у часе расейска-ўкраінскай вайны, вайскоўцамі расейскай арміі.

Выстава праходзіць на Міхайлаўскай плошчы між двума ўкраінскімі сымбалямі — галоўным саборам Праваслаўнай царквы Ўкраіны, якая атрымала статус аўтакефаліі, і помнікам княгіні Вользе, апосталу Андрэю і асьветнікам Кірылу і Мяфодзію.

Выстаўку стварылі на аснове архіўных дакумэнтаў Цэнтральнага дзяржаўнага архіву грамадзкіх арганізацый Украіны, Міністэрства ўнутраных спраў, дзяржаўных архіваў некалькіх абласьцей, а таксама задакумэнтаваных злачынстваў сучаснай расейскай арміі.

На выстаўцы прадстаўленыя гісторыі 13 украінцаў: 34-гадовага селяніна зь Віньнічыны Міхайлы Ратушняка, якога раскулачылі ў 1931 годзе, двойчы арыштоўвалі і ўрэшце асудзілі на 10 гадоў лягераў, дзе ён і загінуў, і сучаснага фэрмэра і валянтэра з Луганшчыны Аляксандра Конанава, якога расейцы застрэлілі ва ўласным доме ў вёсцы пад Севераданецкам. Аляксандар перамяшчаўся ў інвалідным вазку.

Аляксандар Конанаў пасьля палону ў «ЛНР» пераехаў на Жытоміршчыну, але потым вярнуўся дадому, на Луганшчыну. Быў інвалідам першай групы
Аляксандар Конанаў пасьля палону ў «ЛНР» пераехаў на Жытоміршчыну, але потым вярнуўся дадому, на Луганшчыну. Быў інвалідам першай групы

Наведнікі выстаўкі могуць параўнаць гісторыі двух дырэктараў украінскіх школ — Фёдара Сьцепаненкі, якога расстралялі ў 1938 годзе паводле абвінавачаньня ў контрарэвалюцыі толькі за тое, што адзін з вучняў намаляваў ягоны партрэт. Натальля Косава загінула сёлета ў першы дзень вайны, 24 лютага, у выніку абстрэлу Генічэску Херсонскай вобласьці.

Дырэктара школы на Кіеўшчыне Фёдара Сьцепаненку абвінавацілі ў «важдзізьме», бо тады дазвалялася рабіць партрэты толькі Леніна і Сталіна
Дырэктара школы на Кіеўшчыне Фёдара Сьцепаненку абвінавацілі ў «важдзізьме», бо тады дазвалялася рабіць партрэты толькі Леніна і Сталіна
Натальля Косава ў 2019 годзе перамагла ў гарадзкім конкурсе «Чалавек году» і лічылася адным з найлепшых кіраўнікоў школ
Натальля Косава ў 2019 годзе перамагла ў гарадзкім конкурсе «Чалавек году» і лічылася адным з найлепшых кіраўнікоў школ

Ва Ўкраіне злачынствы расейскіх вайскоўцаў называюць «рашызмам». На думку дырэктара Архіву нацыянальнай памяці Ігара Куліка, карані гэтай зьявы — у таталітарным камуністычным рэжыме, ад якога загінулі мільёны грамадзян.

«У архіве Сумскай вобласьці знайшлі акт аб сьмерці, датаваны траўнем 1933 году. У графе аб прычынах сьмерці 19-гадовага Сяргея Астапенкі, працаўніка калгасу, было напісана адно слова: украінец», — сказаў Ігар Кулік, адкрываючы выстаўку.

Афіцыйнае адкрыцьцё выстаўкі. У цэнтры — Ігар Кулік
Афіцыйнае адкрыцьцё выстаўкі. У цэнтры — Ігар Кулік

Дырэктар Архіву нацыянальнай памяці лічыць, што цяпер яшчэ важней інфармаваць грамадзтва пра злачынствы камунізму.

«Наша задача цяпер удвая цяжэйшая — мы мусім дасьледаваць і асудзіць і камунізм, і рашызм. Мы ня проста ставім знак роўнасьці між гэтымі зьявамі. Крывавыя мэтады Расеі не зьмяніліся зь мінулага стагодзьдзя, і гэта дэманструюць лёсы 13 герояў нашай экспазыцыі», — дадаў ён.

Старонкі з крымінальнай справы рэпрэсаванага сэлекцыянэра Ўладзіміра Сімірэнкі
Старонкі з крымінальнай справы рэпрэсаванага сэлекцыянэра Ўладзіміра Сімірэнкі

Вядомага ўкраінскага сэлекцыянэра Ўладзіміра Сімірэнку тройчы арыштоўвалі карныя савецкія органы за нібыта ўдзел у «антысавецкай шкодніцкай арганізацыі». Пасьля трэцяга арышту ў 1938 годзе ён ужо ня выйшаў — яго расстралялі. Ён меў мужнасьць прапанаваць альтэрнатыўныя шляхі разьвіцьця садаводзтва, якія не супадалі з думкай тагачаснай улады і асабіста Ёсіфа Сталіна.

Доктар фізыка-матэматычных навук Васіль Кладзько ўсё жыцьцё займаўся экспэрымэнтальнай фізыкай
Доктар фізыка-матэматычных навук Васіль Кладзько ўсё жыцьцё займаўся экспэрымэнтальнай фізыкай

А ў нашы дні ўкраінскага навукоўца Васіля Кладзько, які жыў у Ворзэлі пад Кіевам нават у часе баявых дзеяньняў, пасьпеўшы толькі эвакуаваць жонку і ўнукаў, расейскія вайскоўцы расстралялі ў двары ўласнага дома.

«Камунізм=Рашыzм». Выстава ў Кіеве пра злачынствы расейскай арміі сёньня і злачынствы НКВД у 30-я гады
«Камунізм=Рашыzм». Выстава ў Кіеве пра злачынствы расейскай арміі сёньня і злачынствы НКВД у 30-я гады

Насупраць гэтай выстаўкі тыднем раней выставілі расейскую вайсковую тэхніку і ракеты, якімі Расея зьнішчае ўкраінскія гарады і вёскі. Цяпер сюды прыходзяць і сёлетнія выпускнікі, якія ў большасьці засталіся без аднаго з галоўных у жыцьці сьвятаў — сьвята апошняга званка.

Выстава ў Кіеве пра злачынствы расейскай арміі сёньня і злачынствы НКВД у 30-я гады
Выстава ў Кіеве пра злачынствы расейскай арміі сёньня і злачынствы НКВД у 30-я гады

«Што аб’ядноўвае таталітарны і камуністычны рэжымы царскай Расеі і цяперашняй аўтарытарнай — тое, што яны, уласна, адмаўляюць існаваньне ўкраінскай гісторыі, украінскага народу, украінскай мовы. У гэтым прасочваецца дакладная пасьлядоўнасьць. Чым гэта адрозьніваецца ад нацысцкага адмаўленьня існаваньня габрэйскага народу? Нічым. Мы сёньня гэта можам пабачыць на тым, як забіваюць нашых людзей, на тым, што зруйнавалі ці пашкодзілі каля 400 помнікаў культуры нашай спадчыны, зь іх каля 150 рэлігійных збудаваньняў», — адзначыў міністар культуры і інфармацыйнай палітыкі Аляксандар Ткачэнка.

Помнік княгіні Вользе, апосталу Андрэю і асьветнікам Кірылу і Мяфодзію пад аховай ад магчымых расейскіх абстрэлаў
Помнік княгіні Вользе, апосталу Андрэю і асьветнікам Кірылу і Мяфодзію пад аховай ад магчымых расейскіх абстрэлаў

На Міхайлаўскай плошчы выстаўка прастаіць два месяцы, а потым яе будуць пераносіць у іншыя месцы ў Кіеве.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG