Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Караткевіч і Гедзімінавічы. Якія беларускія назвы неўзабаве зьявяцца і зьнікнуць у Кіеве


Рагнедзенская вуліца — найбольш старажытная беларуская вуліца ў Кіеве
Рагнедзенская вуліца — найбольш старажытная беларуская вуліца ў Кіеве

Кіеўская гарадзкая рада абнародавала вынікі галасаваньня аб перайменаваньні вуліц Кіева, назвы якіх зьвязаныя з Расеяй і Беларусьсю.

Згодна з вынікамі галасаваньня, кіеўляне падтрымалі перайменаваньне адразу дзьвюх вуліц у гонар лідэра паўстаньня 1863–1864 гадоў Кастуся Каліноўскага — Астраханскай і Берасьцейскай. Якая зь іх атрымае імя Кастуся Каліноўскага, канчаткова вызначаць дэпутаты Кіеўскай гарадзкой рады. Неўзабаве падрыхтуюць адпаведны праект рашэньня.

Перайменаваньне вуліцы Астраханскай у гонар лідэра паўстаньня 1863–1864 гадоў падтрымалі 16 106 украінцаў, а Берасьцейскай — 10 430 грамадзян Украіны. У абодвух выпадках гэты варыянт нашмат апярэдзіў двух найбліжэйшых канкурэнтаў.

Вуліца Дабралюбава, паводле галасаваньня, цяпер мусіць быць перайменаваная ў гонар беларускага пісьменьніка Ўладзімера Караткевіча. Гэты варыянт перамог з адрывам у 565 галасоў ад найбліжэйшага канкурэнта перайменаваньня ў гонар украінскага актора Міколы Якоўчанкі.

Украінскі літаратар Вячаслаў Лявіцкі, які вывучаў біяграфію Ўладзімера Караткевіча і ініцыяваў гэтае перайменаваньне, выказаў удзячнасьць усім, хто падтрымаў ягоны варыянт пры галасаваньні.

«Я вельмі рады імавернаму зьяўленьню вуліцы Караткевіча ў Кіеве, пра якую мару ўжо даўно», — сказаў Свабодзе Вячаслаў Лявіцкі.

«Асабліва мне падабаецца тое, што яна будзе знаходзіцца не на выпадковай лякацыі, а ў раёне, які пісьменьнік называў любімым, у мікрараёне, дзе ён дакладна часта бываў, які фігуруе ў ягоных творах, у тым ліку ў неймавернай па ўзроўні мастацкага асэнсаваньня Кіева аповесьці «Лісьце каштанаў», — удакладніў украінскі літаратар.

За перайменаваньне вуліцы Герояў Берасьця на вуліцу Чарнабаеўскую прагаласавалі 12 000 грамадзян, а вуліцы Дзьвінскай на Днестарскую — 12 264 украінцаў.

Зь беларускіх тапонімаў у Кіеве зьнікне назва аднаго з праспэктаў. Менскі неўзабаве атрымае назву Літоўскі (гэты варыянт падтрымалі 14 553 украінцы), але і зьявіцца новы, які сьведчыць аб супольнай беларуска-ўкраінскай гісторыі. Вуліца Новамічурынская будзе называцца ў гонар Гедзімінавічаў — нашчадкаў князя Гедзіміна, дынастыі князёў Вялікага Княства Літоўскага. Такі варыянт перайменаваньня падтрымалі 5560 украінцаў.

У галасаваньні мелі права ўдзельнічаць толькі грамадзяне Ўкраіны.

У кіеўскай тапаніміцы яшчэ застаецца шэраг іншых беларускіх назваў, такіх як вуліца Гомельская, Менская, завулак Менскі, плошча Менская, вуліца Якуба Коласа, Сьветлагорская і Добруская вуліцы, Горадзенская вуліца і Горадзенскі завулак, вуліца Слаўгарадзкая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG