Такое рашэньне рабочая група прыняла з улікам уварваньня расейскіх узброеных сіл ва Ўкраіну, як гаворыцца ў дакумэнце, а таксама праз псыхалягічныя і фізычныя траўмы ўкраінскіх дзяцей у выніку ваенных дзеяньняў ды важнасьць разьвіцьця культурных сувязей Украіны з цывілізаванымі краінамі, у тым ліку з замежнай літаратурай.
Украінская служба BBC цытуе галоўную рэдактарку сайта «Новая ўкраінская школа» Вікторыю Топал, якая кажа, што міністэрства павінна цяпер зацьвердзіць гэты дакумэнт рабочай групы у якасьці загаду, каб ён увайшоў у сілу.
У характарыстыцы твору «Альпійская баляда», які раней праходзілі вучні ўкраінскіх школаў, на сайце Міністэрства гаворыцца:
«Супрацьстаяньне сілы сяброўства і каханьня са сьветам гвалту. Гуманістычны зьмест аповесьці».
Замест «Альпійскай баляды» Быкава ў праграму ўнесеныя творы Джона Бойна «Хлопчык у паласатай піжаме», а таксама «Дзіця Ноя» Эрыка-Эманюэля Шміта.
Падчас ІІ сусьветнай вайны Васіль Быкаў ваяваў між іншым на 2-м і 3-м Украінскіх франтах. Удзельнічаў у баях за Крывы Рог, Александрыю, Знам’янку. Падчас Кіраваградзкай апэрацыі быў паранены ў нагу і жывот.
З украінскай праграмы выключылі таксама шэраг расейскіх аўтараў, як Аляксандар Пушкін, Фёдар Дастаеўскі, Антон Чэхава і іншыя.