Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Далёкае рэха пратэстаў. Што азначае адстаўка Генадзя Давыдзькі


Генадзь Давыдзька
Генадзь Давыдзька

Генадзь Давыдзька пайшоў у адстаўку з пасады старшыні «Белай Русі». IV зьезд гэтага аб’яднаньня, які адбыўся 18 чэрвеня, выбраў новым старшынём рэктара Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Алега Раманава.

Сьцісла:

  • Адстаўка Генадзя Давыдзькі — далёкае рэха, водгалас пратэстаў 2020 году.
  • «Белая Русь» — важны элемэнт мадэлі карпаратыўнай дзяржавы.
  • Павінен быў здарыцца востры палітычны крызіс 2020 году, каб стала зразумела, што ўсе гэтыя адзяржаўленыя «грамадзкія арганізацыі» — усяго толькі муляжы.
  • Аднак пераменай кіраўніка праблему вырашыць немагчыма.

Адстаўка Генадзя Давыдзькі — падзея зусім не выпадковая, а нават знакавая. Гэта далёкае рэха, водгалас пратэстаў 2020 году. Яна своеасаблівым чынам адлюстроўвае крызіс лукашэнкаўскай палітычнай сыстэмы.

Лукашэнка чвэрць стагодзьдзя будаваў сваю аўтарытарную мадэль карпарытыўнай дзяржавы. Важным яе элемэнтам сталі структуры, якія стварылі ўлады пад выглядам грамадзкіх арганізацый. У міжнароднай тэрміналёгіі яны называюцца GONGO (government-organised NGOs). Гэта БРСМ, Белая Русь, ФПБ, саюз жанчын, саюз вэтэранаў і інш. У афіцыйным дыскурсе яны і называліся грамадзянскай супольнасьцю. Гэтыя арганізацыі капіявалі дзейнасьць дзяржаўных устаноў, то бок функцыянавалі на аснове строгай герархіі, кіраваліся зьверху ўніз. Зь іх дапамогай улады імкнуліся забясьпечыць палітычную ляяльнасьць, кантраляваць усе сэгмэнты грамадзтва: моладзь (БРСМ), жанчын, пэнсіянэраў і інш.

Пакуль у краіне дамінавала «стабільнасьць», стваралася ўражаньне, што ўсё грамадзтва пад кантролем, усё працуе як мае быць. Рэгулярна праводзіліся зьезды гэтых арганізацый паводле зрэжысаванага сцэнару, з поўнай адсутнасьцю ўсялякіх дыскусій, з аднадушным галасаваньнем.

Павінен быў здарыцца востры палітычны крызіс 2020 году, каб стала зразумела, што ўсе гэтыя адзяржаўленыя «грамадзкія арганізацыі» — усяго толькі муляжы, сурагаты, імітацыя, бутафорыя. У самы крытычны момант, калі на вуліцы выйшлі сотні тысяч абураных грамадзян, БРСМ, Белая Русь, афіцыйныя прафсаюзы проста зьніклі з палітычнай сцэны, іх не было відаць і чуваць. Тыя вядомыя праўладныя мітынгі і аўтапрабегі арганізоўваліся самімі ўладамі, а ня гэтымі штучна створанымі прыдворнымі структурамі. Высьветлілася, што яны ніякая не апора рэжыму, а проста нахлебнікі дзяржаўнага бюджэту. І, акрамя АМАПу, абаперціся Лукашэнку няма на каго.

Па-іншаму і быць не магло. Бо гэта ж была не жывая творчасьць мас, а начальніцкая рукатворчасьць, з прымусовым сяброўствам. То бок з прычыны самой сваёй дзяржаўнай прыроды яны ня здольныя да ініцыятывы і самаарганізацыі.

Лукашэнка некалькі разоў выказваў сваю незадаволенасьць, расчараваньне тым, як паводзілі сябе гэтыя GONGO падчас масавых пратэстаў, канстатаваў іхную бездапаможнасьць. І вось першыя наступствы: адстаўка Давыдзькі. Знайшлі «стрэлачніка». Аднак пераменай кіраўніка праблему ня вырашыш.

Ну а Генадзь Давыдзька калісьці быў неблагім акторам Купалаўскага тэатра. Аднак роля дзяржаўнага дзеяча і пралукашэнкаўскага палітыка яму яўна не ўдалася. Бо быў дрэнны сцэнар, няўдалы рэжысэр. Ды і прадусар-недарэка. А публіка аказалася патрабавальнай, не задаволілася імітацыяй. Праблема ў тым, што і вяртацца яму няма куды. Купалаўскі тэатар разбураны. Замест яго — нейкая студэнцкая самадзейнасьць. І ягоны лёс пацьвярджае вядомую ісьціну: няма людзей няздольных; ёсьць людзі, занятыя не сваёй справай.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG