Жыхары 107-й выбарчай акругі хочуць адклікаць Генадзя Давыдзьку як дэпутата з Палаты прадстаўнікоў. Яны запусьцілі працэдуру, якая яшчэ ні разу не выкарыстоўвалася ў Беларусі. Свабода наведала сустрэчу Давыдзькі зь дзьвюма сотнямі жыхароў участку, які ён прадстаўляе ў парлямэнце. Прыводзім асноўныя тэзы былога кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі.
Пра вынікі прэзыдэнцкіх выбараў
«Я лічу, што Лукашэнка перамог. Мае адчуваньні, калі я сустракаўся па ўсёй краіне зь людзьмі, — 60% было дакладна за Лукашэнку. У Менску, магчыма, гэта было 50%, магчыма і 40%, я ня ведаю. Але я давяраю Цэнтральнай выбарчай камісіі».
«Я быў упэўнены, што выбары пройдуць справядліва. У мяне не было падставаў падазраваць, што будзе па-іншаму. Таму што я ведаў сапраўдны рэйтынг і павагу нашага дзейнага прэзыдэнта».
Пра фальсыфікацыі падчас прэзыдэнцкіх выбараў
«Фальсыфікацыі — гэта вельмі дрэнна. Калі ёсьць падазрэньне, што выбары несправядлівыя — гэта вельмі дрэнна. І вы маеце права настойваць на тым, каб былі перавыбары. Але для гэтага патрэбная спакойная атмасфэра ў краіне. Чаму б адразу не зьмяніць выбарчы кодэкс і па новым кодэксе рабіць перавыбары?»
Пра Лукашэнку
«Ці хочаце вы гэта чуць, ці не, адзіны варыянт нам цяпер захаваць незалежнасьць — гэта падрыхтаваць новыя выбары з прэзыдэнтам Лукашэнкам. У адваротным выпадку, у гэтым прамежку часу, вы ж цудоўна разумееце, што Ціханоўская — ня лідэр, за ёй стаяць людзі зацікаўленыя».
«Аляксандар Лукашэнка стварыў сыстэму, якая зможа працаваць і безь яго. Але ў дадзеным выпадку моцная фігура дасьведчанага палітыка, прэзыдэнта, яна зьяўляецца гарантам стабільнасьці на нашай тэрыторыі. [...] Калі вы патрабуеце адстаўкі Лукашэнкі, я вам гарантую наступленьне хаосу і прыход на нашую тэрыторыю іншых краінаў і іншых людзей».
Пра Радыё Свабода
«Пэўныя сайты і пэўныя СМІ сцэны зьбіцьця паказваюць, як супрацоўнік міліцыі, амапавец, лупцуе неабароненага чалавека. Адразаючы, як перад гэтым накінуўся на міліцыянта, стукнуў яго, стаў адбягаць. Ідзе інфармацыйная вайна, і яны выконваюць сваю працу.
Прычым калі дзяржаўныя СМІ стараюцца ўсё ж такі працаваць на стабілізацыю абстаноўкі, то замежныя сродкі масавай інфармацыі, замежныя агенты, як Радыё Свабода, напрыклад, яны працуюць на дэстабілізацыю абстаноўкі. Вось і ўся розьніца».
Пра запрашэньне журналістаў Russia Today
«Прыехалі расейскія журналісты, прафэсіяналы, якіх папрасілі дапамагчы. Таму што дагэтуль зь беларускім спажыўцом інфармацыі працавалі польскія і амэрыканскія прафэсіяналы. Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка папрасіў расейскіх папрацаваць з амэрыканскімі і польскімі прафэсіяналамі. Таму што нашыя прафэсіяналы, на жаль, ня справіліся».
Пра гвалт міліцыі
«Жудасная гісторыя, — сказаў Давыдзька пра расповед Станіслава Дзядова, якога затрымалі і зьбілі. — Я лічу, канечне, хто зьдзекаваўся з вас, павінны адказаць. І тут прабачэньня недастаткова. Яны павінны быць пакараныя. Гэта вельмі істотна і важна для сёньняшняга моманту і для паразуменьня проста ў цывілізаванай дзяржаве. Прыміце спачуваньне маё. Я паспрабую штосьці зрабіць, даведацца, вы ж не адзін. Шмат такіх. І вось гэтая камісія, якая працуе, я паспрабую трымаць вас у інфармацыі, якой я буду валодаць. Выбачайце. Ад імя ўлады, якая я ўлада, заканадаўчая ўлада, але ўсё-такі тут ёсьць за што прасіць прабачэньня.
Катаваньні — проста жахлівыя рэчы. Ці маюць яны (міліцыянты. — РС) права, каб заставацца ў органах — ня маюць».
Пра Купалаўскі тэатар
«Мне вельмі сумна наконт таго, што адбылося ў сотую гадавіну вялікага тэатру. Мне вельмі шкада, што вялікія артысты сталі ахвярай палітычных інтрыг. Я лічу, што кіраўнік тэатру, які ўцягвае трупу ў палітыку, ён мусіць адказваць за свае ўчынкі».
Пра раскол краіны
«Мне сэрца баліць, каб не было расколу ў нашай краіне, а ён ужо ёсьць. Усё ідзе да таго, што мы гатовыя пусьціць сюды зьнешнія сілы. [...] Няўжо не зразумела, што адбываецца ў нас у краіне? Няўжо не зразумела, хто зацікаўлены ў нашай?.. Ідзе развал нашай эканомікі. Гэта вельмі доўгая лекцыя пра тое, якія інтарэсы геапалітычныя ляжаць на нашай прасторы».
Што далей з працэдурай адкліканьня Давыдзькі
У канцы сустрэчы жыхары раёну агучылі сьпіс патрабаваньняў да дэпутата Давыдзькі. З чатырох патрабаваньняў ён адмовіўся выканаць два. А менавіта — дапамагчы ў арганізацыі мітынгу і шэсьця супраць фальсыфікацыі выбараў, а таксама ініцыяваць датэрміновае вызваленьне Аляксандра Лукашэнкі ад пасады прэзыдэнта.
«На гэтае патрабаваньне я, вядома, не пайду, — сказаў Давыдзька. — Я лічу, што Лукашэнка павінен заставацца ў гэты пэрыяд ва ўладзе».
Юлія, адна з удзельніц ініцыятыўнай групы, што ладзіла сход, сказала, што калі Давыдзька ня прыме патрабаваньняў жыхароў, то яны будуць ініцыяваць працэдуру адкліканьня яго як дэпутата.
«Мы хацелі пераканацца, ці падтрымлівае ён жыхароў сваёй акругі», — сказала яна Свабодзе.
Жыхары акругі цяпер працягнуць ініцыяваньне працэдуры адкліканьня. Ім трэба будзе зьвярнуцца ў мясцовы Савет дэпутатаў, каб атрымаць пляцоўку для сходу, на якім жыхары акругі вырашаць, ці сапраўды яны хочуць адклікаць Давыдзьку.
«Працэс не адладжаны, таму што ў рэспубліцы гэта, мне падаецца, будзе першы раз», — сказала Юлія.
На сёньня вядома, што прынамсі ў 30 са 110 выбарчых акругаў цяпер зьбіраюцца адклікаць сваіх дэпутатаў з Палаты прадстаўнікоў.