Трэнтыньян сыграў больш як у сотні фільмаў і ў шматлікіх тэатральных спэктаклях. Быў ляўрэатам такіх прэстыжных кінапрэмій, як «Срэбны мядзьведзь» Бэрлінскага кінафэстывалю і францускі «Сэзар».
Вядомасьць Трэнтыньяну прынесла роля ў фільме «І бог стварыў жанчыну» рэжысэра Ражэ Вадыма, дзе ён сыграў у пары з Брыжыт Бардо. Ён граў у такіх вядомых кінастужках, як «Мужчына і жанчына», «Небясьпечныя сувязі», «Анжаліка ў гневе», «Канфарміст», «Тры колеры: чырвоны» і «Каханьне».
Сярод рэжысэраў, якія здымалі Трэнтыньяна, — Ражэ Вадым, Бэрнарда Бэрталючы, Клёд Лелюш, Кшыштаф Кесьлёўскі, Міхаэль Ганэке. Апошняй роляй артыста стала галоўная роля ў фільме «Найлепшыя гады жыцьця» — працяг фільму «Мужчына і жанчына», у якім ён, як і 55 гадоў таму, граў у пары з Анук Эмэ.