На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае ўкраінскі палітоляг, дырэктар Інстытуту сусьветнай палітыкі Яўген Магда.
Магда
- Напярэдадні візыту шмат было словаў пра тое, што лідэры «старой Эўропы» будуць вымагаць ці то капітуляцыі, ці то аднаўленьня перамоваў з Пуціным.
- Але ўсё аказалася наадварот. Усе госьці заявілі, што падтрымліваюць наданьне Ўкраіне статусу кандыдата ў чальцы ЭЗ.
- Напярэдадні сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім усе госьці наведалі Ірпень, дзе захоўваюцца сьляды расейскага ўварваньня. Пасьля таго, што яны ўбачылі, заклікаць да паразуменьня з Расеяй было б занадта.
- Супраць статусу кандыдата ў ЭЗ для Ўкраіны пярэчаць Нідэрлянды, Швэцыя і Данія. Я мяркую, што да наступнага тыдня гэтае пытаньне будзе ўрэгуляванае.
- Без Украіны эўрапейскі інтэграцыйны праект ня будзе поўным.
- Украіна ня будзе першай у чарзе на ўступленьне ў Зьвяз і атрымае статус кандыдата разам з Малдовай.
- Наколькі я ведаю, не ідзе гаворка пра фарсаванае, хуткае ўступленьне Ўкраіны ў ЭЗ. Нямеччына дакладна не зацікаўленая ў гэтым.
- «Ільдзіна зрушылася» хаця б у тым сэнсе, што Ўкраіна атрымлівае хоць якую зброю ад Нямеччыны. Да 24 лютага пра гэта і гаворкі не ішло.
- Да завяршэньня расейска-ўкраінскай вайны Ўкраіна ня зможа стаць ані сябрам ЭЗ, ані сябрам NATO. Сярод сябраў гэтых арганізацый знойдзецца не адна дзяржава, якая скажа, што сяброўства Ўкраіны ў арганізацыі не адпавядае яе інтарэсам.
- Прэм’ер Італіі Драгі заявіў, што Зяленскі падчас перамоваў з 4 лідэрамі эўрапейскіх дзяржаў ня вёў размовы пра дадатковыя пастаўкі зброі.
- Зброю ва Ўкраіну пераважна пастаўляюць ЗША. Яны ў межах NATO застаюцца асноўным арсэналам дэмакратыі. ЗША паставілі Ўкраіне зброі на 4,6 мільярда даляраў.
- Сёньня пазыцыі палітыкаў, у тым ліку і заходніх, вызначаюцца сытуацыяй на полі бою. Я не выключаю, што Расея цалкам захопіць Луганскую вобласьць, і пасьля будзе пэўная паўза ў баявых дзеяньнях. Велізарныя страты нясуць абодва бакі.
- У Кіеў прыехалі лідэры эўрапейскіх краінаў, а на Санкт-Пецярбурскім форуме «зоркамі» сталі кіраўнікі самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР» Пушылін і Пасечнік.
- Міхаіл Падаляк — усяго толькі дарадца кіраўніка офісу прэзыдэнта Ўкраіны. Яго не выбіраў народ. Ён да 2004 году, да сваёй дэпартацыі, быў шчыльна інтэграваны ў беларускі грамадзка-палітычны працэс.
- Я б хацеў пачуць думку пра ўкраінска-беларускія адносіны амбасадара Ўкраіны ў Беларусі Ігара Кізіма.
- Яшчэ адзін дарадца кіраўніка офісу прэзыдэнта Аляксей Арастовіч казаў пра «смакату», якую Ўкраіна можа атрымаць ад Беларусі. Эканамічныя стасункі паміж нашымі краінамі скараціліся на 90%.
- Паміж нашымі дзяржавамі адносіны замарожаныя. Я не магу зараз уявіць сабе тэлефонную гутарку паміж Зяленскім і Лукашэнкам, паміж Кулебам і Макеем. Але палітыкі ніколі ня кажуць «ніколі».
- У нашых народаў мала інфармацыі адзін пра аднаго, мы вельмі часта карыстаемся інфармацыяй, якая праходзіць праз расейскі фільтар.
- Я лічу несправядлівым стаўленьне ўкраінцаў да Беларусі, якое зафіксавана ў апытаньні Сацыялягічнай групы «Рэйтынг». Паводле сёлетняга сакавіцкага апытаньня «Рэйтынгу», 84% украінцаў лічаць Беларусь варожай краінай.
- Значная частка маіх суграмадзянаў з прычыны вайны жыве ў чорна-белым сьвеце і лічыць, што Беларусь — гэта Лукашэнка. Але гэта ня так.
- Ня ўсе ведаюць, што сотні тысячаў беларусаў не жывуць у Беларусі, бо не знаходзяць супольнай мовы з Лукашэнкам. Яны ня ведаюць, што ў Беларусі больш за тысячу палітвязьняў. Яны не разумеюць, чаму раней у нас было адно стаўленьне, а цяпер зусім іншае.