Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчыя заявілі, што выявілі 70 удзельнікаў інфармацыйнага рэсурсу Nexta


Сьцяпан Пуціла, кіраўнік Nexta
Сьцяпан Пуціла, кіраўнік Nexta

Сьледчы камітэт называе Nexta тэрарыстычнай арганізацыяй.

Начальнік упраўленьня Сьледчага камітэту Менску Сяргей Паско заявіў пра затрыманьне асоб, якія нібыта арганізоўвалі ў Беларусі пратэсты пасьля сфальшаваных выбараў 2020 году праз інтэрнэт-рэсурсы.

Як ён сказаў у інтэрвію БелТА, толькі ў траўні 2022 году сьледчыя Менску накіравалі ў суды заявы аб прызнаньні экстрэмісцкімі матэрыяламі інфармацыйнай прадукцыі больш як 55 інтэрнэт-рэсурсаў.

«Толькі ўдзельнікаў тэрарыстычнай арганізацыі Nexta ўстаноўлена больш за 70. Нягледзячы на прынятыя імі захады кансьпірацыі, прыёмы ўтойваньня і зьнішчэньня электронных сьлядоў сваёй злачыннай дзейнасьці, іх установачныя зьвесткі сьледзтву вядомыя, — сказаў Сяргей Паско. — Зусім нядаўна сьледчым упраўленьнем СК па горадзе Менску ва ўзаемадзеяньні з ГУБАЗіК МУС затрыманыя адміністратары, якія адказвалі за інфармацыйнае ўзьдзеяньне на жыхароў Гомельскай, Віцебскай і Берасьцейскай абласьцей, а таксама за кансалідацыю на іх тэрыторыі радыкальнага руху. Затрыманыя супрацоўнічаюць са сьледзтвам, даюць прызнальныя паказаньні».

Гэтую дзейнасьць СК ў Беларусі называе экстрэмізмам і тэрарызмам, затрыманых падазраюць паводле наступных артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці),
  • арт. 188 (паклёп),
  • арт. 290-2 (садзейнічаньне тэрарыстычнай дзейнасьці),
  • арт. 290-3 (праходжаньне навучаньня або іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў тэрарыстычнай дзейнасьці),
  • чч. 1 і 3 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, навучаньне і іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў іх),
  • чч. 1 і 3 арт. 342 (арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць парадак, навучаньне і іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў іх),
  • арт. 361 (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь),
  • арт. 361-1 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім),
  • арт. 361-3 (удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяньнях, вэрбаваньне або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу).

У красавіку 2022 года Вярхоўны суд на запыт Генпракуратуры прызнаў тры каналы праекту Nexta «тэрарыстычнай арганізацыяй».

Як паведамляе «Вясна», гаворка ідзе пра каналы «NEXTA», «NEXTA Live» і «LUXTA».

У 2020 годзе Цэнтральны раённы суд Менску прызнаў тэлеграм-канал Nexta Live і лягатып Nexta «экстрэмісцкімі матэрыяламі». У лютым 2021 году Nexta Live, Nexta і яго лягатып, а таксама сатырычны канал Luxta ўнесьлі ў сьпіс рэспубліканскіх экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Супраць заснавальніка Nexta і Nexta Live Сьцяпана Пуцілы ўлады завялі некалькі крымінальных спраў, у тым ліку паводле артыкулаў аб арганізацыі масавых беспарадкаў (часткі 1 і 3 артыкула 293 КК) і распальваньні варожасьці (частка 3 артыкула 130 КК). У лістападзе 2020 году КДБ Беларусі ўнёс Пуцілу ў пералік арганізацый і фізычных асоб, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці.

Улады абвясьцілі яго ў міжнародны вышук. Сьцяпан Пуціла жыве ў Варшаве. Аднак спроба дамагчыся яго выдачы ў Беларусь правалілася — суд у польскай сталіцы адмовіў уладам Беларусі, прызнаўшы перасьлед Пуцілы палітычна матываваным.

26 студзеня суд у Варшаве не знайшоў юрыдычных падставаў для выдачы Сьцяпана Пуцілы беларускім уладам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG