13 чэрвеня стала вядома пра затрыманьне 29-гадовага супрацоўніка «Менскінжпраекту» Аляксандра Захожага, які, паводле сілавікоў, быў адміністратарам дваровага чату «9-ы кілямэтар».
Відэа з Аляксандрам зьявілася на адным з праўладных тэлеграм-каналаў. Пры гэтым у сьпісе экстрэмісцкіх матэрыялаў ці фармаваньняў гэтага чату няма. Праваабаронцы адзначаюць таксама, што чат цяпер недасяжны ў пошуку Telegram і, напэўна, выдалены.
Нягледзячы на гэта, па інфармацыі «Вясны», суд Першамайскага раёну прызначыў Аляксандру 12 дзён арышту. Па якім артыкуле асудзілі хлопца, невядома.
Настаўніцу гісторыі з Наваполацку арыштавалі на 15 сутак за рэпост з Радыё Свабода
Раніцай 13 чэрвеня затрымалі выкладчыцу гісторыі ў СШ №2 г. Наваполацку Алену Зубраву. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, 14 чэрвеня над жанчынай адбыўся суд па арт. 19.11 КаАП за тое, што яна ў траўні зрабіла рэпост навіны пра Станіслава Шушкевіча з Радыё Свабода. Вынікам суду стаў 15-дзённы арышт.
22-гадовага хлопца затрымалі за «абразу памерлага шклоўскага міліцыянта»
Сілавікі сьцьвярджаюць, што 22-гадовы Раман Дзергачоў нібыта пакінуў абразьлівы камэнтар у сацсетках пад навіной пра памерлага міліцыянта Шклоўскага РАУС.
Вядома, што цяпер Раман адбывае адміністрацыйны арышт, які мае скончыцца 22 чэрвеня. Раман Дзергачоў родам з Капыля, але апошнія некалькі гадоў жыў у Менску, піша «Наша ніва».
Хлопец граў на бас-гітары ў менскім гурце The Dead Raibbons.
«Знаёмыя мы з Ромам гадоў сем, — расказаў выданьню сябар затрыманага хлопца. — Пачаў граць у гурце ён з каледжа. Яму прапанавалі выступіць на нейкім івэнце ў каледжы, і яны сабралі для гэтага гурт. Праўда, іх тады забракавалі, але гурт застаўся. Рэпэтавалі ў школах спачатку, пасьля знайшлі барабаншчыка, ладзілі канцэрты, нават самі рабілі кліпы. Рома добры, пазытыўны хлопец. Ён у войску ў Калодзішчах служыў. Але апошнім часам мы меней кантактавалі, таму, што ён рабіў, сказаць цяжка».
Натальлі Васілевіч прысудзілі тры гады «хіміі» за абразу Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады
У судзе Савецкага раёну Менску завяршыўся разгляд крымінальнай справы Натальлі Васілевіч, якую абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады і абразе Лукашэнкі па арт. 369 і ч.1 арт. 368 адпаведна. Судзьдзя Аляксандар Воўк не знайшоў ніякіх зьмякчальных абставін і пагадзіўся з прапановай боку абвінавачаньня: тры гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Натальлю вызвалілі ў залі суду, паведамляе «Вясна».
У Менску затрымалі 5 адвакатаў
Пра затрыманьне адваката менскай абласной калегіі Вячаслава Чычына 14 чэрвеня паведаміў Праваабарончы цэнтар «Вясна». Прычына затрыманьня пакуль невядомая.
Пазьней праваабаронцы ўдакладнілі, што 14 чэрвеня было затрымана пяць адвакатаў зь Менскай абласной калегіі. Іх прозьвішчы ўдакладняюцца. Вядома, што аднаго зь іх — Вячаслава Чычына — адпусьцілі. Лёс іншых пакуль невядомы.
Як стала вядома «Нашай Ніве», адвакатаў затрымалі за чат юрыдычнай кансультацыі Смалявічаў, у якім яны перапісваліся. Адкуль сілавікі атрымалі доступ да яго, пакуль не зразумела. Адвакатам інкрымінуюць перасылку экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Палітзьняволеную Вікторыю Кульшу ў калёніі асудзілі яшчэ на 1 год зьняволеньня
У гомельскай жаночай калёніі на выязным пасяджэньні разгледзелі крымінальную справу палітзьняволенай Вікторыі Кульшы па ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэксу (злоснае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы), паведамляе «Вясна».
Справу Вікторыі разглядалі на выязным паседжаньні на тэрыторыі калёніі, таму сваякоў на суд не прапусьцілі. Пракурор запрасіў для Вікторыі год зьняволеньня — менавіта такое пакараньне і прызначыў судзьдзя Сяргей Мальцаў.
Інжынэрку па ахове працы Вікторыю Кульшу затрымалі 4 лістапада 2020 году за тое, што яна адміністравала тэлеграм-канал і чат «Кіроўцы 97%». У лютым 2021 году Вікторыю асудзілі па ч. 1 і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) на 2,5 года калёніі.