Справу палітзьняволенай разглядае судзьдзя суду Чыгуначнага раёну Гомля Сяргей Мальцаў, паведамляе «Гомельская Вясна».
Яе абвінавацілі ў «злосным непадпарадкаваньні адміністрацыі калёніі». Выяздное пасяджэньне суду праводзіцца ў турме. Таму наведнікі, якія ня маюць права ўваходу на тэрыторыю калёніі, прысутнічаць ня могуць.
У канцы сакавіка супраць адміністратаркі тэлеграм-каналу «Кіроўцы 97%» Вікторыі Кульшы завялі крымінальную справу па ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы).
Гэта ўжо другі выпадак, калі адміністрацыя гомельскай калёніі № 4 ініцыюе крымінальную справу супраць палітзьняволеных. Нядаўна па гэтым артыкуле асудзілі актывістку «Эўрапейскай Беларусі» Паліну Шарэнду-Панасюк.
Палітзьняволеную Вікторыю Кульшу затрымалі 4 лістапада 2020 году. Яе абвінавацілі па ч. 1 і ч. 2 арт. 342 КК (Арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, і падрыхтоўка альбо навучаньне такой дзейнасьці) і прысудзілі 2,5 года калёніі.