Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мінэнерга расказалі, калі запусьцяць першы энэргаблёк БелАЭС. Ён не працуе з красавіка


БелАЭС
БелАЭС

Першы энэргаблёк БелАЭС усё яшчэ знаходзіцца ў плянавым рамонце, запускаць яго плянуюць у ліпені. Пра гэта 11 чэрвеня падчас тэлефоннай лініі расказала намесьніца міністра энэргетыкі Вольга Пруднікава.

Дэталямі размовы з рэдакцыяй «Зеркала» падзялілася чытачка Тацяна, якая патэлефанавала ў ведамства.

«Ён (Першы энэргаблёк БелАЭС —рэд.) адпрацоўвае пэўную колькасьць часу, яго спыняюць і праводзяць рэвізію стану ўсяго абсталяваньня, усіх вузлоў і элемэнтаў. Гэта плянавая нармальная праца — паглядзець, як увесь гэты час працавала сыстэма кантролю і гэтак далей», — удакладніла Вольга Пруднікава.

Паводле яе, запуск першага энэргаблёку адбудзецца ў ліпені, «паводле пляну».

У красавіку першы энэргаблёк БелАЭС вывелі ў плянава-папераджальны рамонт. Такія плянавыя тэхналягічныя работы штогод праводзяцца на атамных станцыях для забесьпячэньня стабільнага рабочага стану абсталяваньня, гаварылі ў Мінэнэрга. Тады ў ведамстве таксама часткова плянавалі перазагрузіць у рэактар сьвежае ядзернае паліва.

На пытаньне чытачкі, ці няма небясьпекі для насельніцтва з-за перагрузкі ядзернага паліва, Вольга Пруднікава таксама адказала, гэтая працэдура на атамнай станцыі — штатная, «з адпрацаванымі тэхналёгіямі».

«Паліва знаходзіцца ў нармальным стане. Вы калі батарэйкі мяняеце, чагосьці баіцеся? Вось і тут — спыняюцца рэактары. Можна праводзіць аналёгію з пальчыкавымі батарэйкамі, толькі памерам пабольш. Кожны пальчык вымаецца ў спэцыяльны магутны кран зь вялікім уздымам. Усё гэта адбываецца пад кантролем пэрсаналу. Усё гэта бачна і фіксуецца, — распавяла намесьніца міністра. — Як фізык па адукацыі, я ня бачу, чаго там можна баяцца. На атамнай станцыі ніякіх пытаньняў не было».

Першы энэргаблёк Беларускай атамнай электрастанцыі быў уведзены ў прамысловую эксплуатацыю 10 чэрвеня 2021 году. Да аб’яднанай энэргасыстэмы краіны яго падключылі 3 лістапада 2020 году.

З моманту ўключэньня ў сетку і да першага плянавага папераджальнага рамонту на першым энэргаблёку выпрацавана больш за 9,3 млрд. кВт/г электраэнэргіі. Праўда, за ўвесь гэты час яе неаднаразова адключалі ад сеткі — усяго прастою набегла на 173 дні, або 45,5% ад усяго часу працы станцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG