Падчас сустрэчы з расейскім амбасадарам чыноўнік указаў, што нядаўнія словы Пуціна, у тым ліку аб эстонскім горадзе Нарва, «вартыя шкадаваньня», асабліва на фоне расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
«Замест таго, каб імкнуцца да павагі міжнароднага права і зыходзіць з прынцыпаў дзяржаўнага сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці, Расея спрабавала выкарыстаць прапаганду ў дадатак да войска для рэалізацыі сваіх імпэрыялістычных амбіцый, у тым ліку шляхам фальсыфікацыі гісторыі. Такі падыход асуджаны на правал і, у канцы канцоў, можа быць небясьпечны для самой Расеі» — гаворыцца ў паведамленьні МЗС Эстоніі.
Увагу міністэрства прыцягнулі выказваньні Ўладзіміра Пуціна аб палітыцы расейскага імпэратара Пятра I. Пуцін заявіў, што Пётр I у гады Паўночнай вайны са Швэцыяй «вяртаў» тэрыторыі. Паводле яго слоў, на месцы, дзе быў заснаваны Санкт-Пецярбург «спрадвеку нароўні з фіна-вугорскім насельніцтвам жылі славяне, прычым гэтая тэрыторыя знаходзілася пад кантролем РФ. Тое ж самае і ў заходнім напрамку, гэта датычыцца Нарвы» — сказаў Пуцін, дадаўшы, што Пётр I «вяртаў і ўмацоўваў» тэрыторыі.
«Мяркуючы па ўсім, на нашу долю таксама выпала вяртаць і ўмацоўваць» — сказаў ён таксама, не згадаўшы аб канкрэтных тэрыторыях, якія ён мае на ўвазе.
- Пад Нарвай у 1700, у самым пачатку Паўночнай вайны, расейскае войска пацярпела ад швэдаў сур’ёзную паразу, аднак празь некалькі гадоў крэпасьць была ўзятая, а па выніках вайны Нарва і ўся тэрыторыя сучаснай Эстоніі перайшла пад кантроль Расейскай імпэрыі.
- У Таліне існуе дом-музэй Пятра I у парку Кадрыёрг. Афіцыйна Расея ня мае тэрытарыяльных прэтэнзій да Эстоніі. Заклікі да адрыньваньня Нарвы, дзе жыве галоўным чынам рускамоўнае насельніцтва, ці акупацыі ўсёй Эстоніі, часам гучаць з боку радыкальна настроеных «патрыятычных» публіцыстаў. У Эстоніі асьцерагаюцца, што так званая ідэалёгія «рускага сьвету» можа быць распаўсюджаная і на яе як на краіну, якая ўваходзіла ў склад Расейскай імперыі, а потым СССР.