Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея дазволіць экспарт беларускіх нафтапрадуктаў праз усе парты


Belarus - Belarusian plant "Palimir". Navapolatsak, 4Jul2016
Belarus - Belarusian plant "Palimir". Navapolatsak, 4Jul2016

Расея і Беларусь пашыраць дзеяньне пагадненьня аб перавозцы і перавалцы нафтапрадуктаў у расейскіх партах на ўсе марскія парты РФ.

Раней пагадненьне прадугледжвала магчымасьць перавозкі беларускіх нафтапрадуктаў чыгуначным транспартам і іх перавалку ў марскіх партах Паўночна-Заходняга рэгіёну Расеі. Цяпер зь яго выключылі згадку рэгіёну і дзеяньне пагадненьня распаўсюдзіцца на іншыя парты РФ.

Такое рашэньне прыняў расейскі ўрад, адпаведны пратакол апублікаваны на Афіцыйным інтэрнэт-партале прававой інфармацыі РФ 10 чэрвеня. Ён пачне дзейнічаць празь 10 дзён пасьля падпісаньня і набудзе сілу пасьля выкананьня неабходных унутрыдзяржаўных працэдураў.

Беларускі ўрад яшчэ 8 чэрвеня ўхваліў праект пратакола аб унясеньні зьменаў.

Пагадненьне падпісанае паміж Беларусьсю і Расеяй у лютым 2021 году. У адпаведнасьці зь ім меркавалася, што ў 2021-2023 гадах Беларусь экспартуе праз расейскія парты 9,836 млн. тонаў нафтапрадуктаў. Тарыф на перавалку тоны мазуту і алеяў быў устаноўлены на ўзроўні 13,5 даляраў за тону, газойлю — 15,46 даляраў за тону, бэнзіну — 9,5 даляраў або 10,5 даляраў за тону ў залежнасьці ад адпраўніка (Мазырскі НПЗ ці Нафтан).

Тарыф на перавалку з улікам чыгуначнага тарыфу быў устаноўлены на ўзроўні 31,3 даляраў за тону мазуту, 30 і 35 даляраў за тону газойлю ў залежнасьці ад маршруту, 28,9 і 29,2 даляраў за тону бэнзіну, 27,2 даляраў за тону алеяў.

Шмат гадоў Беларусь набывала нафту ў Расеі, перапрацоўвала яе на сваіх НПЗ і прадавала нафтапрадукты на Захад і ва Ўкраіну. Нафтаперапрацоўка была адной з асноўных крыніц прытоку грошай у Беларусь, але з увядзеньнем санкцый Эўразьвязу Беларусь пазбавілася гэтай крыніцы даходу. Адмовіліся ад беларускіх нафтапрадуктаў і ва Ўкраіне.

Паводле старшага навуковага супрацоўніка Beroc Льва Львоўскага, «шляхоў для пераарыентацыі экспарту нафтапрадуктаў амаль няма»:

«Цяпер застаецца частка СНД, Расея і Кітай, але гэтыя краіны маюць сваю нафту і свае нафтапрадукты. Нейкую невялікую долю Беларусь зможа туды пастаўляць, але неяк сур’ёзна замясьціць былых пакупнікоў не атрымаецца», — кажа Леў Львоўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG