Сьцісла:
- Тэма транзыту ўкраінскага збожжа празь Беларусь у абмен на зьняцьцё санкцый зь беларускага рэжыму застаецца на парадку дня.
- 6 чэрвеня ўкраінскі і літоўскі прэзыдэнты амаль сынхронна заявілі пра сваё нэгатыўнае стаўленьне да гэтай ідэі.
- Агульнае, што аб’ядноўвае матывацыю лідэраў Украіны і Літвы адносна згаданага пытаньня, — гэта недавер да Масквы і Менску.
- Такім чынам, пакуль беларускі транзыт выглядае ня вельмі рэальным.
6 чэрвеня зьявілася інфармацыя, што Расея і Турэччына ўзгаднілі схему вывазу ўкраінскага збожжа марскім шляхам. Аднак ва Ўкраіне такіх дамоўленасьцяў не пацьвердзілі. І тут вельмі важная аргумэнтацыя афіцыйнага Кіева. Кіраўнік украінскага МЗС Дзьмітро Кулеба заявіў, што «мы ня можам давяраць Пуціну». Маўляў, Пуцін кажа, што ня будзе выкарыстоўваць гандлёвыя шляхі для нападу на Адэсу. Але ён жа цьвердзіў, што «ня будзе нападаць на Ўкраіну», за некалькі дзён да пачатку поўнамаштабнага ўварваньня.
Пасьля таго як у выніку расейскага ракетнага ўдару зьнішчаны другі па велічыні збожжавы тэрмінал ва Ўкраіне, разьмешчаны ў Мікалаеве, імавернасьць угоды з Расеяй стала яшчэ меншай.
Тым часам тэма транзыту ўкраінскага збожжа празь Беларусь у абмен на зьняцьцё санкцый зь беларускага рэжыму застаецца на парадку дня. Яна актыўна абмяркоўваецца.
Аднак даволі адметнай выглядае пазыцыя асноўных патэнцыйных удзельнікаў гэтага праекту: Украіны і Літвы. 6 чэрвеня ўкраінскі і літоўскі прэзыдэнты амаль сынхронна заявілі пра сваё нэгатыўнае стаўленьне да гэтай ідэі. Прычым у даволі катэгарычнай форме. Ізноў жа тут вельмі сымбалічныя аргумэнты, якія прыводзяць лідэры гэтых краін.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што Ўкраіна не гатовая «ісьці па гэтым фармаце і дапамагаць нашым „дружалюбным“ суседзям». Бо вагоны з украінскім збожжам, апынуўшыся на тэрыторыі Беларусі, будуць, на думку Зяленскага, «экспрапрыяваныя».
Такая лёгіка ўкраінскага прэзыдэнта цалкам зразумелая. Бо з пачаткам вайны шмат якую маёмасьць беларускіх суб’ектаў гаспадараньня, якая апынулася на тэрыторыі Ўкраіны, канфіскавалі.
Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што збожжа з Украіны ня можа транспартавацца ў балтыйскія парты празь Беларусь, бо адрамантаваная чыгунка на ўкраінска-беларускай мяжы можа быць скарыстаная для новых нападаў. Ён перасьцярог: «Ці ня здарыцца так, што па гэтай адрамантаванай інфраструктуры на нейкім этапе вайны будзе рухацца вайсковая тэхніка ў зваротным кірунку?»
Наколькі насамрэч імаверныя такія паводзіны беларускіх уладаў, іншае пытаньне. Тут важная хада думак. Агульнае, што аб’ядноўвае матывацыю лідэраў Украіны і Літвы адносна згаданага пытаньня, — гэта недавер да Масквы і Менску. Вайна радыкальна памяняла стаўленьне да краін і іх лідэраў, якія датычныя да агрэсіі.
Вельмі шмат, калі ня ўсё, будзе залежаць ад пазыцыі ЭЗ. І тут важнай зьяўляецца палітычная лінія самай уплывовай краіны Эўразьвязу — Нямеччыны. А нямецкі канцлер Оляф Шольц выказаўся даволі адназначна: «Гэты транспарт ніякім чынам не павінен стаць для нас перадумовай для зьняцьця санкцыяў з Лукашэнкі. Гэта цяжкая і вялікая задача. Мы пастараемся знайсьці агульнае рашэньне зь іншымі дзяржавамі і ААН».
То бок з гэтай заявы вынікае, што Бэрлін ня супраць транзыту ўкраінскага збожжа празь Беларусь. Аднак без усялякіх умоваў, якія вылучае Менск, безь «зьняцьця санкцыяў з Лукашэнкі». Але наўрад ці на такі варыянт пагодзяцца беларускія ўлады.
Такім чынам, пакуль беларускі транзыт выглядае ня вельмі рэальным. Бо недавер і ўзаемная нянавісьць ствараюць вялізныя бар’еры на шляху да кампрамісу.
Дарэчы, праблема сусьветнага голаду зусім ня новая. Яна існуе столькі ж часу, колькі існуе само чалавецтва. Іншая справа, што ў постындустрыяльную эпоху створаны спрыяльныя перадумовы, каб яе нарэшце вырашыць. І перашкодай на шляху да гэтага аказваюцца ці то неэфэктыўныя эканамічныя і палітычныя сыстэмы некаторых краін, ці то непрымірымыя супярэчнасьці паміж дзяржавамі.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.