Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі ў абвінавачаных у распаўсюдзе «ілжывай інфармацыі» аб вайне пачалі арыштоўваць маёмасьць


Адзіночны пратэст у Навасібірску. 27 траўня 2022. Ілюстрацыйнае фота
Адзіночны пратэст у Навасібірску. 27 траўня 2022. Ілюстрацыйнае фота

У чатырох абвінавачаных па новым крымінальным артыкуле аб распаўсюдзе «заведама ілжывых зьвестак» аб выкарыстаньні расейскай арміі арыштавалі маёмасьць, паведаміў кіраўнік міжнароднай праваабарончай групы «Агора» Павел Чыкаў.

«Гаворка ідзе аб арышце банкаўскіх рахункаў, транспартных сродкаў і кватэр ва ўласнасьці», — напісаў ён у тэлеграм-канале.

Праваабаронца не назваў прозьвішчаў абвінавачаных, але ўдакладніў, што ўсе яны знаходзяцца за мяжой і абвешчаныя ў вышук.

Як адзначае Чыкаў, Крымінальна-працэсуальны кодэкс дазваляе арыштоўваць маёмасьць «для забесьпячэньня выкананьня прысуду ў частцы спагнаньня штрафу». Па частцы 2 артыкула 207.3 можа быць прызначаны штраф ад трох да пяці мільёнаў рублёў. Максымальнае пакараньне — ад пяці да дзесяці гадоў пазбаўленьня волі.

А што ў Беларусі

Беларускія ўлады разглядаюць магчымасьць крымінальнага новаўвядзеньня – завочных судоў і канфіскацыі маёмасьці ў тых, хто не знаходзіцца ў Беларусі. Прадстаўнікі ўлады выказваліся, што такія меры могуць быць прынятыя да дэмакратычных лідэраў, якія цяпер за мяжой.

У Беларусі ў траўні дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ухвалілі законапраект аб увядзеньні завочных судоў. Згодна зь імі, у Беларусі зьявіцца інстытут так званага спэцыяльнага вядзеньня. Яго будуць прымяняць у дачыненьні да тых, хто знаходзіцца за межамі краіны і, на думку сьледзтва, учыніў злачынствы «супраць дзяржавы, супраць міру і бясьпекі чалавецтва або злачынствы, якія пагражаюць нацыянальнай бясьпецы». Такая мера павінна забясьпечыць таксама права дзяржавы на «спэцыяльную канфіскацыю» маёмасьці завочна асуджаных.

У канцы траўня стала вядома пра разгром сілавікамі кватэры блогера Андрэя Павука на Гомельшчыне, катэджа Веранікі і Валерыя Цапкалаў пад Менскам. Летась арыштавалі менскую кватэру дачкі Паўла Латушкі. Усе яны цяпер за мяжой, супраць усіх заведзеныя крымінальныя справы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG