Неўзабаве пасьля нападу Расеі на Ўкраіну ўрад Чэхіі вырашыў спыніць выдачу віз грамадзянам Расеі, а потым і Беларусі, за выключэньнем выпадкаў гуманітарнага характару. Прадстаўленая пастанова ўраду ўводзіць у дзеяньне нормы, што знаходзяцца ў папраўцы да закону «Lex Украіна», якую Палата дэпутатаў прыняла ў канцы траўня.
Заявы на атрыманьне віду на жыхарства ў Чэхіі, якія падаюцца ў дыпляматычныя прадстаўніцтвы грамадзянамі Беларусі ці Расеі, паводле заканадаўства, ня будуць разглядацца, паведамляе міністэрства.
«Гэты крок закліканы абараніць замежнапалітычныя інтарэсы Чэхіі ў сувязі з узброеным канфліктам ва Ўкраіне, які быў выкліканы ўварваньнем Расейскай Фэдэрацыі і які падтрымлівае Рэспубліка Беларусь», — гаворыцца ў паведамленьні. Мэта пастановы — ціск на Расею і Беларусь, каб яны спынілі агрэсію, а таксама ўзмацненьне бясьпекі Чэскай Рэспублікі.
- Гэтая мера не накіраваная супраць тых, у каго ўжо ёсьць від на жыхарства, таму грамадзяне Беларусі і Расеі могуць працягваць зьвяртацца па працяг віду на жыхарства. «Іх магчымыя заявы аб падаўжэньні віду на жыхарства будуць падлягаць стандартнаму рэжыму разгляду, прадугледжанаму Законам аб пражываньні іншаземцаў у Чэскай Рэспубліцы», дадалі ў міністэрстве.
- Акрамя таго, гэтае палажэньне не распаўсюджваецца на заяўкі на кароткатэрміновыя візы, калі заяўнік зьяўляецца членам сям'і грамадзяніна Чэхіі або грамадзяніна Эўрапейскага Зьвязу, якога ён/яна суправаджае або да якога накіроўваецца.
- Гэта таксама ня тычыцца заяваў на атрыманьне візы, дазволу на доўгатэрміновае ці пастаяннае пражываньне, калі знаходжаньне заяўніка адпавядае інтарэсам Чэскай Рэспублікі, і гэтае зацікаўленьне было пацьверджанае міністрам замежных спраў.
- Акрамя таго, палажэньне не датычыцца заяў на атрыманьне доўгатэрміновага віду на жыхарства, калі заяўнік зьяўляецца членам сямʼі іншаземца зь відам на жыхарства ў Чэскай Рэспубліцы, а таксама хадайніцтваў аб пастаянным відзе на жыхарства для дзяцей іншаземцаў, якія пражываюць у Чэскай Рэспубліцы, калі прычынай падачы заявы зьяўляецца іх сумеснае пражываньне.
На сёньня, паводле інфармацыі Міністэрства статыстыкі ЧР, у Чэхіі легальна пражывае 8 тысяч грамадзян Беларусі.
Сьвятлана Ціханоўская падчас візыту ў Прагу на пачатку траўня сустракалася з чэскімі міністрамі і іншымі афіцыйнымі асобамі з мэтай зьмякчыць палажэньні рыхтаванага закону, якія датычаць грамадзянаў Беларусі. Аднак ня ўсе абяцаньні чэскіх палітыкаў былі выкананыя.
— Мы працягваем выступаць супраць татальнай візавай забароны. Але любыя перамовы — гэта працэс... Але ж я прашу заўсёды памятаць, што візавыя пытаньні — гэта частка вялікай праблемы, якую ўжо немагчыма вырашыць кропкавымі дзеяньнямі. Мы сутыкнуліся з двума дыктатарамі, якія разбураюць жыцьцё людзей ва ўсім рэгіёне, і ўплыў гэтага разбурэньня ўжо бачны па ўсёй Эўропе, – сказала Сьвятлана Ціханоўская ў інтэрвію Свабодзе.
- Беларусам таксама перасталі выдаваць візы ў Данію, Эстонію, Швэцыю, Фінляндыю.
- Тым часам пасольства Славаччыны ў Менску 18 траўня аднавіла выдачу беларусам турыстычных шэнгенскіх віз тыпу С. Інфармацыя аб гэтым зьявілася на сайце прадстаўніцтва.