Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галаваломка з украінскім збожжам. Піша Валер Карбалевіч


Трэцяга чэрвеня адбыліся тэлефонныя перамовы Лукашэнкі і генэральнага сакратара ААН Антонію Гутэрыша на тэму перавозкі ўкраінскага збожжа празь Беларусь у парты Балтыі ў абмен на зьняцьцё санкцый зь беларускага рэжыму.

З гледзішча лягістыкі беларускі транзыт — самы зручны. Ён карацейшы, чым калі везьці збожжа ў абход, праз Польшчу. І шырыня чыгуначнай каляіны ва Ўкраіне, Беларусі, краінах Балтыі аднолькавая. Ня трэба перастаўляць колы, як пры перавозцы праз тую ж Польшчу.

Перамовы Лукашэнкі з Гутэрышам дазваляюць фіксаваць некалькі розных пазыцый па гэтым пытаньні.

1. Ёсьць пазыцыя ААН: зьмякчыць абмежаваньні на экспарт калійных угнаеньняў зь Беларусі і Расеі ў абмен на магчымасьць разблякаваць пастаўкі ўкраінскага збожжа на сусьветны рынак празь Беларусь.

2. Пазыцыя ЗША. У Вашынгтоне разглядаюць магчымасьць прыпыненьня санкцый у дачыненьні да беларускіх калійных угнаеньняў у абмен на транзыт украінскага збожжа ў Клайпеду.

3. Пазыцыя Эўразьвязу. Яна цалкам адмоўная. Яе выказаў прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа. Паводле яго, заклікі прадстаўнікоў бізнэсу перавозіць украінскае збожжа празь Беларусь несумяшчальныя з санкцыйнай палітыкай Эўразьвязу ў дачыненьні да Менску.

Больш за тое, 2 чэрвеня ЭЗ увёў дадатковыя санкцыі якраз супраць «Беларуськалію», Беларускай калійнай кампаніі, «Нафтана» і інш.

4. Пазыцыя Беларусі, выказаная Лукашэнкам у перамовах з Гутэрышам. Беларусь гатовая да паставак украінскага збожжа ў балтыйскія парты праз тэрыторыю Беларусі. Але пры ўмове, каб парты Нямеччыны, Польшчы, балтыйскіх краін былі адкрытыя і для беларускіх тавараў. У перакладзе на зразумелую мову — транзыт украінскага збожжа ў абмен на адмену санкцый.

5. У гэтай сытуацыі вельмі цікава было б даведацца пра пазыцыю Расеі. Шантаж голадам у сьвеце — гэта адзін з важных інструмэнтаў ціску Масквы на Захад. Беларускі транзыт прарывае расейскую блякаду Ўкраіны. Як паглядзіць Крэмль на гэтыя сэпаратныя перамовы найбліжэйшага саюзьніка? Ці ўзгадніў Лукашэнка свае дзеяньні з Пуціным? Але інфармацыі пра стаўленьне РФ да гэтага пытаньня пакуль няма.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG