Пра гэта ды іншыя пытаньні Мілаш Зэман расказаў у эксклюзіўным інтэрвію ўкраінскай службе Радыё Свабода. Пераклад публікуем са скарачэньнямі.
— Зьмянілася ваша ацэнка Ўкраіны. Чаму гэта адбылося? Ці не лічыце вы памылкай прарасейскую палітыку, за якую вас крытыкавалі перад уварваньнем Расеі ва Ўкраіну?
— Я казаў пра гэта некалькі разоў. З расейскім нападам на Ўкраіну склалася прынцыпова новая сытуацыя, на падставе якой я рэагую. Гэтая сытуацыя зразумелая: гаворка ідзе пра агрэсію супраць сувэрэннай дзяржавы.
Што да той «няправільнай прарасейскай палітыкі»: мы павінны разумець адно — да нападу на Ўкраіну з Расеяй проста размаўлялі, гандлявалі, карацей кажучы, ставіліся як да нармальнай краіны. Гэта цалкам натуральна, і так рабілі ўсе важныя эўрапейскія і сусьветныя афіцыйныя асобы. Што яшчэ рабіць з самай вялікай краінай сьвету?
Акрамя таго, я заўсёды імкнуўся рэалізоўваць эканамічную дыпляматыю, таму што лічу, што Чэхія як адкрытая экспартная эканоміка мае добрыя адносіны з усімі буйнымі краінамі сьвету. Вядома, гэта тычыцца ня толькі Расеі. Гэта тычыцца Кітаю, а таксама, скажам, Ізраілю, я мог бы працягнуць сьпіс іншых краін. І я ня бачу ў гэтым нічога дрэннага.
Аднак у момант агрэсіі Расеі супраць Украіны сытуацыя прынцыпова зьмянілася, і калі сытуацыя мяняецца, мяняецца і ваш погляд. (…) Напад на Ўкраіну стаў халодным душам для многіх людзей у Расеі і за мяжой, і я адзін зь іх.
— Што, на вашу думку, трэба зрабіць, каб расейска-ўкраінская вайна скончылася як мага хутчэй?
— Перш за ўсё расейскаму кіраўніцтву трэба даць зразумець, што такія дзеяньні непрымальныя. У Эўропе ў ХХІ стагодзьдзі сапраўды няма месца агрэсіі. Мы павінны заставацца разам. Прадуктыўнай можа быць толькі выразная і агульная пазыцыя.
Вядома, трэба працягваць падтрымліваць Украіну — матэрыяльна і палітычна. Як вядома, Чэхія — адзін з найлепшых саюзьнікаў Украіны і тых, хто яе найбольш падтрымлівае. У нас у гэтым пытаньні шырокае палітычнае разуменьне, што вельмі важна.
Зяленскі
(…) Вайна ва Ўкраіне — гэта ў канчатковым рахунку вайна супраць усяго Захаду і заходняй дэмакратыі. Гэта вайна супраць сусьветнага парадку, якім мы яго ведаем, і яна ўплывае на нас.
А што насамрэч прывядзе да найхутчэйшага заканчэньня вайны, я сапраўды ня ведаю. Я баюся, што найбольш верагодным сцэнарам цяпер здаецца так званая вайна на зьнясільваньне.
Адным зь лягічных выхадаў з гэтай сытуацыі магла б быць у рэшце рэшт замена збройных сутыкненьняў дыпляматычнымі перамовамі. Умовай, аднак, зьяўляецца спыненьне баявых дзеяньняў і прамыя перамовы паміж прэзыдэнтамі абедзьвюх краін. Аднак, здаецца, на гэты момант да дыпляматычнага міру яшчэ даволі далёка. Абодва бакі дэкляруюць абсалютныя мэты, якіх, аднак, паводле наяўнай інфармацыі, дасягнуць ня могуць.
— Ці дастаткова моцныя санкцыі ЭЗ, якія ўжо былі ўведзеныя супраць Расеі за агрэсію супраць Украіны? Чаго яшчэ не хапае ў пляне санкцый і дапамогі Кіеву?
— Санкцыі супраць Расеі рашучыя і беспрэцэдэнтныя. У дачыненьні да Расеі ўведзена больш за 6 тысяч розных санкцый, і ступень адзінства ўражвае. Аднак варта адзначыць, што санкцыі рэалізоўвалі (а агрэсію Расеі ва Ўкраіне адназначна асудзілі) краіны, якія складаюць 70 працэнтаў сусьветнага ВУП, але толькі 30 працэнтаў насельніцтва сьвету. Акрамя таго, пасьля першапачатковага шоку рубель быў адносна стабільны, і краіна мела пастаянныя фінансавыя рэзэрвы для працягу вайны з самага пачатку дзякуючы няспыннаму продажу газу і нафты.
Ведаеце, я ніколі ня быў прыхільнікам эканамічных санкцый. Аднак у дадзеным выпадку гаворка ідзе аб адным зь дзейсных інструмэнтаў, якімі мы як Эўразьвяз валодаем. І яны аказваюць уплыў на расейскую эканоміку, пра што сьведчаць многія эканамічныя паказьнікі.
Але справа ня толькі ў санкцыях супраць Расеі. Разам з эканамічнымі і фінансавымі мерамі мы павінны працягваць дзейнічаць у адкрыцьці эўрапейскага рынку для Ўкраіны, і наадварот. Таму што я разумею, у які цяжкі і трагічны час мы жывём сёньня. Я думаю, што зьняцьце бар’ераў і лібэралізацыя ў гандлёвай сфэры ў доўгатэрміновай пэрспэктыве можа быць выгадная і Ўкраіне, і Эўропе.
— На думку прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага, дадатковае ўзбраеньне можа забясьпечыць перамогу Ўкраіны. Ці падзяляеце вы такі погляд?
— Бяз зброі з агрэсарам, вядома, няма як змагацца. Вашы слухачы і чытачы, напэўна, заўважылі, што Чэхія зьяўляецца адной з самых актыўных краін, калі гаворка ідзе пра дапамогу ў выглядзе паставак зброі Ўкраіне. Мы ўжо перадалі Ўкраіне матэрыялаў на суму больш за 3 мільярды чэскіх кронаў. Магчыма, вы таксама заўважылі, што мы маем абсалютнае паразуменьне з прэмʼер-міністрам і яго ўрадам адносна прынцыповага падыходу да Ўкраіны, што асабліва важна ў пэрыяд крызісу.
Зь іншага боку, я ведаю, што пастаўкі некаторых відаў зброі і вайсковых матэрыялаў непрымальныя для краін NATO. Напрыклад, Злучаныя Штаты пастаянна адмаўляліся адпраўляць зброю, якая магла б атакаваць Расею — зусім нядаўна, напрыклад, рэактыўныя сыстэмы залпавага агню або зьнішчальнікі. Я, вядома, разумею гэтую лёгіку. Так што я раблю выснову: я лічу, што зброя для Ўкраіны абсалютна неабходная, так, але абсалютна неабходная з доляй здаровага глузду.
— Чаму вы лічыце, што 40-мільённая Ўкраіна не павінна ўступаць у NATO, а мае заставацца нэўтральнай дзяржавай?
— Наколькі я ведаю, нават вядучыя прадстаўнікі Ўкраіны ня вельмі імкнуцца ўступіць у NATO, таму я лічу гэтае пытаньне, прынамсі пакуль, бессэнсоўным. Увогуле, відавочна, што кожнае пашырэньне NATO адбываецца ў пэўных геапалітычных адносінах, якія трэба цьвяроза і глыбока абдумаць. Мы павінны думаць у больш шырокім кантэксьце і ў доўгатэрміновай пэрспэктыве.
— Вы ўсё яшчэ лічыце анэксію Крыму «скончанай справай»?
— Я ведаю, да чаго вы хіліце. Пры гэтым я мушу крыху бараніцца. Калі я назваў Крым fait accompli, я сказаў гэта ў пэўны момант і для пэўнай аўдыторыі. Я ніколі ня ставіў пад сумнеў, што Расея акупавала Крым у парушэньне міжнароднага права і што гэта было і ёсьць дрэннай справай. (…)
Вядома, пытаньне застаецца актуальным: што будзе з Крымам? Як вы думаеце, Расея ад яго адмовіцца? Я сурʼёзна сумняваюся. І калі яна ад яго не адмовіцца, што менавіта і насамрэч будзе рабіць Кіеў? Што будуць рабіць ЭЗ і NATO, акрамя як бясконца паўтараць, што Крым не расейскі? (…)
(Прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман заявіў у прамове ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы 10 кастрычніка, што лічыць анэксію Крыму Расеяй «скончанай справай» і прапанаваў вырашыць крымскае пытаньне шляхам кампэнсацыі Ўкраіне.)
— Вы ня раз бачыліся з прэзыдэнтам Расеі. Вы б цяпер сядзелі за адным сталом перамоваў з «ваенным злачынцам», як прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн назваў Уладзіміра Пуціна?
— Паўтаруся, што калі я размаўляў з Уладзімірам Пуціным, зь ім размаўлялі многія іншыя эўрапейскія і сусьветныя дзяржаўныя дзеячы. Паглядзіце на Нямеччыну ці Францыю. Вы сапраўды хочаце папракаць іх у тым, што яны спрабуюць весьці дыялёг з кіраўніком краіны, якая займае шостую частку сьвету? Гэта абсурд, і тыя, хто так прымітыўна крытыкуе, не разумеюць, што такое дыпляматыя. Напэўна, справа ня толькі ў моцных словах…
Усе гэтыя палітыкі, у тым ліку і я, спрабавалі рэалізоўваць нацыянальныя інтарэсы ў сваіх краінах. Гэта цалкам натуральна.
Сёньня я думаю, што Пуцін сапраўды павінен паўстаць перад судом. І пры гэтым перад расейскім судом за ўсё, што ён гатовы зрабіць з Расеяй. Пуцін вырашыў напасьці на Украіну, хоць павінен быў ведаць, што будзе далей, гэта значыць, непазьбежныя меры ў выглядзе эканамічных і палітычных санкцый, якія моцна паўплываюць на Расею. (…)
— На вашу думку, ці ёсьць рызыка, што вайна можа перакінуцца далей на Заходнюю Эўропу?
— Я ня ведаю. (…)
Я ведаю толькі адно: калі Расея нападзе на краіну-чальца NATO, гэта будзе азначаць, што яна адмаўляецца ад уласнага існаваньня. Менавіта тады ў адказ наступіць удар Паўночнаатлянтычнага альянсу. (…)
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.