Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусбанк» прыпыніў амаль усе віды крэдытаваньня

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Беларусбанк» прыпыняе ўсе віды крэдытаваньня, акрамя будаўнічых зьберажэньняў і льготнага жыльля, паведамілі Onliner у кол-цэнтры банка.

«На дадзены момант прыпынена крэдытаваньне на ўсе віды крэдытаў, акрамя сыстэмы будаўнічых зьберажэньняў і Ўказу № 13 па будаўніцтве льготнага жыльля. Усе астатнія віды крэдытаў сапраўды прыпыненыя», — пракамэнтавалі ў банку.

У банку ўдакладнілі, што афіцыйнай інфармацыі па тэрмінах вяртаньня крэдытаваньня пакуль няма.

Раней 10 верасьня «Беларусбанк» паведаміў БелаПАН, што прыпыніў выдачу льготных крэдытаў на набыцьцё жыльля, стаўкі па якіх субсыдуе дзяржава ў рамках указу № 240. У межах гэтага ўказу грамадзяне, якія маюць патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў, маглі атрымаць дзяржаўныя адрасныя субсыдыі. Такія субсыдыі выдавалі на выплату часткі працэнтаў за карыстаньне крэдытам на будаўніцтва жыльля ў шматкватэрных і блякаваных дамах эканомклясы. Пры гэтым можна было ўзяць у банку крэдыт на ўвесь кошт жыльля.

Цяпер тыя, хто мае патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў, могуць атрымаць крэдыты толькі ў рамках сыстэмы будаўнічых зьберажэньняў (прадугледжвае наяўнасьць спэцыяльнага ўкладу сама меней на 19 месяцаў і наяўнасьць грошай у памеры ня менш за 25% ад кошту жыльля) альбо паводле ўказу № 13 на падставе рашэньня мясцовага органа ўлады.

У рамках указу № 13 з 2012 па 2017 год тыя, хто мае патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў (у прыватнасьці, шматдзетныя сем‘і, вайскоўцы), маглі на выбар скарыстацца альбо льготнымі крэдытамі, альбо аднаразовымі субсыдыямі на будаўніцтва (рэканструкцыю) ці набыцьцё жыльля, якія выдавалі выканкамы. З кожным годам аб’ём грошай на такія крэдыты зьмяншаўся.

У канцы жніўня 2020 году беларускія банкі пачалі масава згортваць рублёвае крэдытаваньне насельніцтва: аб прыпыненьні крэдытаваньня ўжо абвясьцілі «БПС-Ашчадбанк», «Банк БелВЭБ», «Белінвестбанк», «Альфа-Банк», «Тэхнабанк», «БНБ-Банк», «Франсабанк».

1 верасьня прыпыніў выдачу насельніцтву жыльлёвых крэдытаў на агульных падставах і адначасова з гэтым з 5 да 15 дзён павялічыў тэрмін разгляду заявак на выдачу спажывецкіх крэдытаў «Беларусбанк». 8 верасьня прыпынілі крэдытаваньне насельніцтва «Прыёрбанк» і «Ідэя Банк». Як тлумачаць эканамісты, гэта зьвязана зь недахопам рэсурсаў і дэвальвацыйнымі чаканьнямі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG