Раней Саудаўская Арабія супраціўлялася заклікам паскорыць павелічэньне здабычы, нягледзячы на тое, што цэны на нафту дасягнулі каля 120 долараў за барэль, што зьяўляецца самым высокім узроўнем за дзесяцігодзьдзе. Саудаўская Арабія лічыць, што ёй трэба трымаць свабодныя вытворчыя магутнасьці ў рэзэрве.
Але асьцярогі наконт недахопу паставак узмацніліся пасьля таго, як ЭЗ увёў яшчэ адзін пакет санкцый супраць Масквы, уключаючы нафтавае эмбарга.
Інфармаваная крыніца паведаміла FT, што «Саудаўская Арабія ўсьведамляе рызыкі і тое, што страта кантролю за цэнамі на нафту не ў яе інтарэсах». На думку Саудаўскай Арабіі, сапраўднага дэфіцыту пакуль няма.
Людзі, знаёмыя зь перамовамі, паведамілі, што Саудаўская Арабія пагадзілася на зьмену пазыцыі ў межах збліжэньня з адміністрацыяй прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна.
Адна з дыпляматычных крыніц паведаміла, што неадкладнае павелічэньне здабычы ў Саудаўскай Арабіі і Аб'яднаных Арабскіх Эміратах ужо абмяркоўваецца, пра што можа быць абвешчана на сустрэчы APEC+ у чацьвер. Але нічога яшчэ ня вырашана і APEC+ усё ж можа прытрымлівацца свайго пляну здабычы, які дзейнічае ад пачатку крызісу COVID-19.
Крыніца паведаміла, што павелічэньне здабычы, заплянаванае на верасень, будзе перанесенае на ліпень і жнівень, APEC+ павінна ўхваліць гэтую зьмену.
- 13 краін APEC і 10 краін, якія не ўваходзяць у гэтую арганізацыю (уключаючы РФ), павінны сустрэцца 2 чэрвеня. Чакаецца, што яны ўхваляць заплянаванае павелічэньне здабычы, каб паступова вярнуць яе да ўзроўню да пандэміі COVID-19. Краіны APEC+ у адказ на ковіднае зьніжэньне попыту дамовіліся былі скараціць здабычу нафты. Аднак зьлеташняй восені яны ўзгаднілі яе павелічэньне на 400 тысяч барэляў за дзень штомесяц. У траўні-чэрвені ўзгоднены прырост на ўзроўні 432 тысячы барэляў за суткі. Штомесяц удзельнікі APEC+ таксама ўзгадняюць павелічэньне квот на здабычу звыш кантрольнага ўзроўню.
- У красавіку РФ здабывала каля 9,3 млн барэляў на дзень, пры тым што ў рамках пагадненьня APEC+ магла б здабываць 10,44 млн барэляў у суткі. Нафтавае эмбарга Эўразьвязу, а таксама абмежаваньне на страхаваньне суднаў з расейскай нафтай могуць зьнізіць узроўні здабычы ў Расеі яшчэ больш. Пры гэтым найбольшыя магчымасьці для кампэнсацыі расейскага падзеньня маюць краіны Пэрсыдзкай затокі.