Летам 2020 году беларуская міліцыя ўпершыню масава выкарыстала новую тактыку для разгону пратэстаў. Замест грувасткіх аўтазакаў вытворчасьці МАЗ сілавікі пачалі карыстацца манэўранымі мікрааўтобусамі, якія дазвалялі ім хутка перамяшчацца паміж месцамі канцэнтрацыі пратэстоўцаў і пераадольваць заторы. Характэрны нэалягізм «сіні бус» увайшоў у лексыкон пратэстоўцаў і журналістаў, якія працавалі на акцыях пратэсту.
З пачаткам вайны ва Ўкраіне ў беларускіх сілавікоў могуць узьнікнуць праблемы — большасьць так званых «сініх бусаў» былі расейскай вытворчасьці, іх выпускалі на разьмешчаных у Расеі заводах заходніх аўтамабільных вытворцаў. Цяпер амаль усе тыя вытворцы альбо пакідаюць Расею, альбо бестэрмінова прыпыняюць дзейнасьць. У тым ліку амэрыканскі Ford, чые мікрааўтобусы Ford Transit масава выпускаліся на расейскім заводзе ў горадзе Елабуга і акурат і сталі правобразам тых самых «сініх бусаў» беларускіх сілавікоў.
Як стала вядома Свабодзе, магчыма, адну з апошніх спробаў абнавіць свой парк мікрааўтобусаў цяпер спрабуе зрабіць кіраўніцтва ўнутраных войскаў. Заяўку на куплю адразу пяці аўтамабіляў падпісаў асабіста Мікалай Карпянкоў, які пасьля падзей лета і восені 2020 году перайшоў з ГУБАЗіКу на пасаду кіраўніка УВ.
Заяўка на набыцьцё транспарту адпаведнай службай унутраных войскаў разьмешчаная 27 траўня, шукаць патэнцыйных выканаўцаў будуць да 6 чэрвеня. Агульны кошт закупкі — 775 тысяч рублёў. Набыць унутраныя войскі зьбіраюцца адразу пяць мікрааўтобусаў, гэта значыць па 155 тысяч рублёў за штуку. У пераліку на даляры па актуальным курсе выходзіць амаль 60 тысяч.
У заяўцы падрабязна расьпісаныя патрабаваньні да мікрааўтобусаў — шторкі на вокнах, вялікія бакавыя рассоўныя дзьверы, умяшчальнасьць — 16 чалавек разам з кіроўцам. Асобна прапісалі патрабаваньне пра год выпуску — 2022. Езьдзіць беларускія міліцыянты таксама хочуць з кандыцыянэрам, індывідуальнай вэнтыляцыяй для кожнага пасажыра і на крэслах са штучнай скуры. Колер мікрааўтобусаў асобна ў заяўцы не прапісаны — «па ўзгадненьні з замоўцам». Разьлічвацца ведамства Карпянкова за транспарт гатовае як рублямі (калі выканаўца будзе беларускай юрыдычнай асобай), так і ў валюце (калі замежнай).
Пад апісаньне, выстаўленае сілавікамі, падпадаюць як ужо згаданыя Ford Transit (беларускі дылер «Атлант-М»), так і мадэлі ад Volkswagen і Mercedes. Але яны, як і амэрыканскі канцэрн, таксама закрываюць вытворчасьць у Расеі. Цэны на мадэлі, якія маглі б зацікавіць беларускіх сілавікоў, дылеры на сайтах зараз не выстаўляюць, іх можна абмеркаваць індывідуальна з супрацоўнікамі салёнаў.
Купіць новыя мікрааўтобусы ведамства Карпянкова плянуе ўжо летам, выканаўца заяўкі абавязаны паставіць іх да канца году.
Акрамя новых мікрааўтобусаў, унутраныя войскі набываюць зараз партыю з 24 штук 43-цалевых тэлевізараў (830 рублёў за кожны), 40 камплектаў ахоўнай радыёсыгналізацыі агульным коштам амаль 150 тысяч рублёў і 300 пар гумовых ботаў за 4649 рублёў (па 15 рублёў за пару).
Апроч таго, на пачатку траўня ведамства Карпянкова купіла два аўтазакі па 225 тысяч рублёў кожны. Яны прызначаныя для перавозкі да 20 чалавек у сямі асобных камэрах.
Агульны бюджэт унутраных войскаў МУС на 2022 год складае больш за 195 мільёнаў рублёў. У службы бясьпекі Лукашэнкі, для параўнаньня, — толькі 34 мільёны.