Учора на працоўным месцы затрымалі дырэктара сеткі кінатэатраў Silver Screen Аляксандра Дземідовіча. Пра гэта паведамляе Zerkalo.io са спасылкаю адразу на тры свае крыніцы.
Выданьне адзначае, што да Silver Screen Аляксандар Дземідовіч працаваў у Tut.by на разнастайных пасадах (апошняя − кіраўнік аднаго з падразьдзяленьняў камэрцыйнай службы).
Пазьней стала вядома, што Дземідовіча будуць судзіць па адміністрацыйным артыкуле за «непадпарадкаваньне міліцыі» і пераводзяць у ІЧУ на Акрэсьціна.
Палітвязьня Станіслава Рачыцкага пакаралі 3 гадамі «хатняй хіміі» за ўдзел у жнівеньскім маршы
Суд Ленінскага раёну Менску 26 траўня вынес прысуд па крымінальнай справе палітзьняволенага Станіслава Рачыцкага. Яго абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу). Справу разглядала судзьдзя Тацьцяна Шоцік.
Станіслава Рачыцкага затрымалі 10 лютага 2022 году па адміністрацыйнай справе. На другі дзень суд прысудзіў яму 15 сутак арышту. Супрацоўнікам міліцыі не спадабалася, што ў яго на нумарах аўтамабіля былі рамкі з арнамэнтам і «Пагоняй», паведамляюць праваабаронцы.
Падчас арышту ў тэлефоне Рачыцкага сілавікі знайшлі фота з удзелу ў маршы пратэсту 16 жніўня 2020 году.
З 25 лютага Рачыцкага перазатрымалі па крымінальнай справе аб групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, і да суду зьмясьцілі ў СІЗА № 1 Менску.
Суд пастанавіў прызнаць Рачыцкага вінаватым і прызначыў пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія») тэрмінам на тры гады.
Станіслава вызвалілі ў залі суду.
На тры гады «хіміі» асудзілі мужчыну за ўдзел у дзьвюх пратэставых акцыях у 2020 годзе
12 красавіка ў судзе Маскоўскага раёну Менску вынесьлі прысуд 34-гадоваму Руслану Ксёнжыку. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу і асудзілі на тры гады «хіміі». Яго вызвалілі ў залі суду. Мужчына знаходзіўся пад вартай з 21 сьнежня 2021 году, паведамляе «Вясна».
Руслана прызналі вінаватым ва ўдзеле 9 жніўня 2020 году ў «групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Згодна з абвінавачаньнем, ён «з мэтай публічнага выказваньня незаконнымі спосабамі сваіх грамадзка-палітычных поглядаў і пратэсту, вядзеньня дэструктыўнай дзейнасьці, узяў актыўны ўдзел у такіх дзеяньнях».
Таксама яго прызналі вінаватым ва ўдзеле ў мітынгу 30 жніўня 2020 году. У віну яму ставіліся амаль тыя самыя дзеяньні, што і падчас першага мітынгу.
Сілавікі затрымалі двух мужчын за падзеі 2020 году
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманьне Алега Шэргілашвілі і Мікіты Скотнікава.
Алега абвінавачваюць у тым, што ён дасылаў паведамленьні пра акцыі пратэсту ў чат-бот Nexta, а Мікіту — што ён прыяжджаў з Полацку на акцыі пратэсту ў Менск, дзе перакрываў рух транспарту.
На Мікіту завялі крымінальную справу за арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт 342 Крымінальнага кодэксу), паведамляюць праваабаронцы.
Беларуса асудзілі на два гады калёніі за камэнтар у бок Лукашэнкі пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне
25 траўня ў судзе Баранавічаў і Баранавіцкага раёну на два гады калёніі агульнага рэжыму асудзілі Ігара Фёдарава. Судзьдзя Вікторыя Пакунова прызнала яго вінаватым паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу за камэнтар, які Фёдараў пакінуў у Інстаграме, знаходзячыся ў Польшчы, паведамляе «Вясна».
Ігара Фёдарава прызналі вінаватым у тым, што 24 лютага 2022 году ён пакінуў пад фатаздымкам Лукашэнкі камэнтар са сваёй старонкі ў Інстаграм, які нэгатыўна ацэньваў Лукашэнку. Камэнтар утрымліваў наступныя выказваньні: «„нецензурная брань“ загнан в угол „нецензурная брань“ в захватніческую войну против братского народа, чтобы получить одобрение очередной и стремясь остаться у власти».
Згодна з тэкстам абвінавачаньня, мэтай Фёдараў ставіў нанясеньне шкоды аўтарытэту ўлады. Экспэртыза прызнала, што ў камэнтары Лукашэнка ацэньваецца нэгатыўна.
Мужчына цалкам прызнаў віну. Ён расказаў, што 24 лютага быў у Польшчы, працаваў там таксістам і жыў у інтэрнаце ў адным пакоі з украінцамі. Калі суседзі разбудзілі яго і паведамілі, што Расея напала на Ўкраіну, усе былі ў шоку. Бліжэй да абеду ён праз эмоцыі напісаў абразу пад фота, разьмясьціў гэта ў сторыз і забыў пра гэта. Калі даведаўся, што яго затрымалі за абразу, зьдзівіўся: ён ня думаў, што ягоныя словы могуць трактавацца такім чынам.
Пасьля падзей 2020 году Ігар быў вымушаны эміграваць, аднак вырашыў вярнуцца пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне.
Палітзьняволеную візажыстку, шматдзетную маці Вольгу Томіну асудзілі на 2 гады калёніі
Справу Вольгі разглядала судзьдзя Юлія Шут. Вольгу Томіну затрымалі 9 сакавіка па крымінальнай справе па арт. 342 КК (удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). «Пакаяльнае відэа» зь ёю зьявілася на праўладных тэлеграм-каналах. У яе тэлефоне сілавікі нібыта знайшлі фота і відэа зь мірных акцый пратэсту 2020 году.
У Вольгі трое дзяцей. У інстаграме на яе падпісаныя больш за паўмільёна чалавек.
Затрыманьні ў Жлобіне, пасёлку Акцябрскі, Івейскім раёне
Як паведамляюць праваабаронцы, у Жлобіне затрымалі актывістку ініцыятывы «Матчын Рух — 328» Ліяну Шубу. Яе арыштавалі на 15 сутак па адміністратыўнай справе.
У вёсцы Крывічы Івейскага раёну сёньня затрымалі журналіста Аляксандра Любенчука. Верагодна, у доме быў праведзены ператрус. Дзе цяпер Любянчук — невядома.
Ранкам затрымалі бацькоў вядомай опэрнай сьпявачкі Маргарыты Ляўчук. Гэта адбылося ў яе роднай вёсцы Страдзеч Берасьцейскага раёну. «Ранкам прыехаў бусік, суседку паклікалі панятой, ад яе і даведалася. Нічога пры ператрусе не знайшлі, але бацькоў выводзілі з хаты ў кайданках», — расказала Свабодзе Маргарыта Ляўчук. Пазьней праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі, што бацькоў Ляўчук затрымалі нібыта за «непадпарадкаваньне міліцыі» — бо яны «не адмыкалі дзьвярэй».
Таксама правялі ператрус у беларускай кватэры блогера Андрэя Павука і ягонай былой жонкі Вольгі ў пасёлку Акцябрскі. Як стала вядома Свабодзе, сьледчыя дзеяньні праводзяць з нагоды крымінальнай справы, заведзенай супраць блогера.